29 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Банк развіцця Беларусі атрымаў статус агента ўрада па рабоце з замежнымі дзяржаўнымі і гарантаванымі запазычаннямі. Аб гэтым паведаміў 28 студзеня журналістам старшыня праўлення Банка развіцця Беларусі Сяргей Румас, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўніком дзяржавы 24 студзеня 2013 года падпісаны ўказ №45, які істотна пашырае паўнамоцтвы банка і прадстаўляе новыя інструменты для далейшага развіцця, адзначыў Сяргей Румас.
Так, банк атрымлівае магутную падтрымку пры выхадзе на фінансавыя рынкі ў выглядзе субсідыярнай адказнасці ўрада па каштоўных паперах, якія выпускаюцца банкам. Гэта дазволіць вылучыць каштоўныя паперы Банка развіцця ў асобны від каштоўных папер, які параўнальны па надзейнасці з дзяржаўнымі казначэйскімі аблігацыямі і зрабіць іх прывабнымі для інвестараў.
"Пры гэтым банк атрымлівае статус агента ўрада па рабоце з замежнымі дзяржаўнымі і гарантаванымі запазычаннямі. Банк развіцця надзяляецца функцыямі экспартна-імпартнага банка і яму прадастаўляецца права на экспартнае крэдытаванне буйных праектаў, кошт якіх перавышае $1 млн", - удакладніў Сяргей Румас.
Для больш сканцэнтраванай работы на кропках росту фінансавы патэнцыял банка засяроджваецца на інвестыцыйных праектах. Больш гнутка рэагаваць на разнастайнасць эканамічных адносін банку дазволіць атрыманне права здзяйснення шэрагу новых банкаўскіх аперацый, ключавымі з якіх з'яўляюцца аперацыі з замежнай валютай.
"Да канца 2015 года банк стане асноўнай крэдытнай арганізацыяй, якая фінансуе інвестпраекты дзяржаўнага значэння. Для гэтага ўжо цяпер на экспертызе ў банку знаходзяцца найбуйнейшыя праекты, прадугледжаныя да рэалізацыі ў краіне. Што тычыцца бягучага года, то мы плануем павялічыць у трайны памер уласны крэдытны партфель", - адзначыў Сяргей Румас.
Да 1 сакавіка 2013 года банку будзе перададзены кантрольны пакет "Промагралізінгу", што дазволіць на базе банка пачаць фарміраванне завершанай структуры стымулявання экспарту. "Яна будзе ўключаць комплекснае структураванне ўсёй здзелкі, прыцягненне рэсурсаў фінансавання валютных праектаў, льготнае экспартнае крэдытаванне і пастаўку тэхнікі ў лізінг", - адзначыў Сяргей Румас.