Банкі з 9 лістапада будуць прадаваць валюту насельніцтву па пашпартах
8.11.20110 праглядаў
8 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Банкі ў Беларусі з 9 лістапада будуць прадаваць валюту фізічным асобам толькі пры прад'яўленні дакумента, што сведчыць асобу. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі Нацыянальнага банка.
"Да дакументаў, што сведчаць асобу, адносяцца пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, від на жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь, пасведчанне бежанца, пашпарт грамадзяніна замежнай дзяржавы", - растлумачылі ў Нацбанку.
Пры продажы замежнай валюты (як наяўнай, так і безнаяўнай), плацежных дакументаў у замежнай валюце за беларускія рублі фізічным асобам банкі будуць рэгістраваць даныя дакумента, што сведчыць асобу. Да такіх рэквізітаў адносяцца: прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку (пры наяўнасці), найменне дакумента, яго серыя і нумар, ідэнтыфікацыйны (асабісты) нумар фізічнай асобы (пры адсутнасці нумара - дата нараджэння). Рэгістрацыя даных дакумента ажыццяўляецца на рускай мове. У выпадку адсутнасці іх напісання на рускай мове - літарамі лацінскага алфавіта.
Пры продажы замежнай валюты за беларускія рублі, якія знаходзяцца на банкаўскім рахунку фізічнай асобы (бягучым, дэпазітным, карт-рахунку і інш.), рэгістрацыя даных дакумента, што сведчыць асобу ўладальніка рахунку, праводзіцца на падставе даных, якія маюцца ў банку, у якім адкрыты гэты рахунак.
"Так, калі фізічная асоба звернецца ў банк для пераафармлення ўкладу (дэпазіту) у беларускіх рублях на ўклад (дэпазіт) у замежнай валюце, даныя дакумента, што сведчыць асобу гэтай асобы, ужо маюцца ў банку, таму рэквізіты аперацыі продажу замежнай валюты будуць брацца з гэтых даных. Разам з тым сама аперацыя пераафармлення дагавора банкаўскага ўкладу (дэпазіту) будзе праводзіцца ў адпаведнасці з парадкам вядзення касавых аперацый (на падставе прад'яўленага фізічнай асобай дакумента, што сведчыць асобу)", - удакладнілі ў Нацбанку.
Інфармацыя аб рэквізітах аперацыі продажу замежнай валюты прадстаўляецца банкамі ў аўтаматызаваную інфармацыйную сістэму "Разлік" адзінай разліковай і інфармацыйнай прасторы Беларусі не пазней банкаўскага дня, наступнага за днём адлюстравання аперацыі продажу замежнай валюты ў балансе банка.
Акрамя таго, з 9 лістапада Нацбанк аднаўляе правядзенне аперацый па продажы праз свае структурныя падраздзяленні залатых, срэбных і плацінавых мерных зліткаў за беларускія рублі. "Такое рашэнне прынята ў сувязі з нармалізацыяй сітуацыі на ўнутраным валютным рынку, а таксама ў мэтах далейшага развіцця ўнутранага рынку каштоўных металаў", - сказалі ў Нацбанку.
Продаж каштоўных металаў у мерных злітках (золата, срэбра, плаціна) за беларускія рублі быў часова прыпынены з 15 красавіка. Каштоўныя металы можна было набыць толькі за долары ЗША. Зваротны выкуп мерных зліткаў ажыццяўляўся ў беларускіх рублях.-0-
БЕЛТА