15 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Банкір і дырэктар прадпрыемства з Сенненскага раёна "пазычылі" ў банку больш за Br830 млн., паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старэйшы памочнік пракурора Віцебскай вобласці Уладзімір Белавус.
За 2008-2009 гады работнік Сенненскага аддзялення аднаго з сістэмаўтваральных банкаў Беларусі і дырэктар мясцовага прыватнага прадпрыемства з дапамогай камп'ютэрнай тэхнікі і банкаўскіх пластыкавых картак, незаконна выпушчаных на работнікаў гэтага прадпрыемства, змянілі камп'ютэрную інфармацыю ў базе даных банка і выкралі больш за Br830 млн. У судзе абодва абвінавачаных сцвярджалі, што не выкрадалі грошы ў банка, а проста "ўзялі іх у доўг".
За крадзеж, здзейснены ў асабліва буйным памеры, мужчыны асуджаны да пазбаўлення волі тэрмінам на 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права займаць адміністрацыйна-гаспадарчыя і арганізацыйна-распарадчыя пасады на працягу 5 гадоў пасля вызвалення з папраўчай калоніі. Суд таксама задаволіў іск банка аб спагнанні з абвінавачаных звыш Br1 млрд. - сумы прычыненай шкоды і аплаты за незаконнае карыстанне чужымі грашыма.
"Злачынства, у здзяйсненні якога абвінавачваліся цяпер ужо былыя службовыя асобы, вылучаецца з шэрагу іншых крадзяжоў, - адзначыў Уладзімір Белавус. - Ужо шмат гадоў у аператыўных зводках органаў унутраных спраў не фігуруюць факты крадзяжу грошай з банкаўскіх сховішчаў шляхам іх узлому або рабаўніцкіх нападаў на інкасатараў. Гэты выпадак паказаў, што выкрасці грошы з банка можна і больш "інтэлігентным" спосабам". Ён таксама дадаў, што пацярпелы банк прыняў неабходныя меры па недапушчэнні падобных фактаў.-0-
БЕЛТА
Банкір і дырэктар прадпрыемства з Сенненскага раёна "пазычылі" ў банку больш за Br830 млн.
15.3.20120 праглядаў