2 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Банкіры падарылі віцебскаму заапарку кракадзіла, і сёння далёкі сваяк дыназаўраў прыбудзе ў Віцебск з Мінска, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар Віцебскага заасада Ірына Арлова. Прэсмыкальнае, якое нядаўна стала статусным, жыло ў тэрарыуме ў галоўным офісе аднаго з банкаў у Мінску, але калі гадаванец дасягнуў 1,5-метровай даўжыні і стаў праяўляць усе прыкметы, уласцівыя драпежніку, банкіры вырашылі перадаць яго віцебскаму заапарку. Для новасёла гатовы трохметровы тэрарыум з басейнам і пляцоўкай, дзе жывёла будзе адпачываць і грэцца пад прамянямі лямпы. У ежы кракадзілы непераборлівыя - было б мяса, а вось працэс кармлення запатрабуе ад работнікаў заапарка спрыту. Аказваецца, кракадзілы не павінны бачыць чалавечую руку, якая дае ім ежу, інакш гэту руку яны будуць успрымаць як частку ўласнага абеду. Па словах Ірыны Арловай, новага жыхара наведвальнікі змогуць убачыць ужо ў бліжэйшыя выхадныя. Праўда, імя яму яшчэ не прыдумалі. Банкіры мянушку яму не далі, а работнікі заапарка, хутчэй за ўсё, не стануць называць свайго падапечнага ні Генай, ні Дэндзі, а паназіраюць за яго характарам і толькі потым дадуць імя. Віцебскі заалагічны парк быў заснаваны 30 сакавіка 1992 года на базе існаваўшага ў горадзе тэатра звяроў. У цяперашні час тут на плошчы 1,3 га ўтрымліваюцца 76 відаў жывёл - больш за 1 тыс. асобін. Значная частка звяроў была альбо падораная заапарку, альбо набыта на спонсарскія сродкі і ахвяраванні гараджан. У 2010 годзе гарадскія ўлады прыступілі да рэалізацыі праекта па будаўніцтве новых вальераў і будынкаў для заапарка ў лесапаркавай зоне на плошчы 100 га. Да ўдзелу ў рэалізацыі праекта падключыліся гарадскія прадпрыемствы і арганізацыі. Як адзначыла Ірына Арлова, у новым заапарку на кожным вальеры, дзе будуць утрымлівацца жывёлы, набытыя за дабрачынныя або спонсарскія сродкі, з'явіцца таблічка з падзякай дарыцелям. -0-