21 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Банкіры прагназуюць у найбліжэйшы час умацаванне беларускага рубля і стабілізацыю валютнага рынку, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА. Выконваючы абавязкі начальніка філіяла №200 Віцебскага абласнога ўпраўлення ААТ "Беларусбанк" Максім Казак адзначыў, што курс набыцця долара ў абменных пунктах банка за апошнія дні знізіўся з Br8100 да Br7300 (на 21 верасня). Насельніцтва актыўна здае замежную валюту, пры гэтым ажыятажу на яе набыццё не назіраецца. "У апошнія дні адзначаецца стабілізацыя попыту і прапановы, колькасць валютна-абменных аперацый набліжаецца да дакрызіснага стану", - сказаў Максім Казак. Аналагічная сітуацыя складваецца ў аддзяленнях Віцебскага абласнога ўпраўлення філіяла ААТ "Белаграпрамбанк". Па словах яго начальніка Алега Жынгеля, стабілізацыя сітуацыі відавочная: зніклі чэргі, насельніцтва больш здае валюты, чым купляе. На яго думку, у найбліжэйшай перспектыве курсы замежных валют у адносінах да беларускага рубля будуць зніжацца, што тлумачыцца наступленнем так званых бюджэтных дзён: падышлі тэрміны выплаты падаткаў і заработнай платы. У аддзяленнях "Белаграпрамбанка" курс набыцця долара за апошнія дні знізіўся з Br8200 да Br7900. Карэспандэнт БЕЛТА пабывала ў некалькіх аддзяленнях "Беларусбанка" і "Белаграпрамбанка" і пераканалася, што ажыятажу на набыццё і продаж валюты ў ранішнія гадзіны не назіраецца. Аддзяленні працуюць у спакойным рэжыме, беларускія рублі маюцца ў дастатковым аб'ёме для здзяйснення здзелак. Банкаўская сістэма гатова да правядзення валютна-абменных аперацый у абменных пунктах па пашпартах.-0-

БЕЛТА