29 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Запіс на мясцовым тэлеканале і экскурсія ў Нацыянальную бібліятэку стануць прызам для лепшых дэкламатараў твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа ў Наваполацку. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА распавёў старшыня Наваполацкай гарадской арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Белая Русь", намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Вадзім Дзявятоўскі. Абвясціўшы ў Год кнігі конкурс сярод школьнікаў на лепшых чытальнікаў вершаў і прозы беларускіх класікаў літаратуры, арганізатары не чакалі такой колькасці ўдзельнікаў: 130 старшакласнікаў з Наваполацка і Полацка выказалі жаданне паказаць сваё дэкламатарскае майстэрства. Па словах Вадзіма Дзявятоўскага, гарадская арганізацыя "Белай Русі" і раней праводзіла конкурсы чытальнікаў твораў беларускіх аўтараў, але сёлета іх колькасць павялічылася на парадак. "Гэта сведчыць аб тым, што цікавасць моладзі да кнігі не змяншаецца, юнакі і дзяўчаты шануюць нацыянальную культуру і родную мову. Сёлетні конкурс закліканы прыцягнуць іх увагу да духоўных каштоўнасцей", - падкрэсліў Вадзім Дзявятоўскі. На працягу двух дзён 29-30 лістапада журы трэба будзе вызначыць два дзясяткі лепшых чытальнікаў. У фінал выйдуць 20 маладых людзей, якіх чакаюць прыемныя і незвычайныя прызы. Гарадская арганізацыя "Белай Русі" арганізуе для іх экскурсію ў Нацыянальную бібліятэку або ў музеі народных пісьменнікаў Беларусі, дзе і пройдзе ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання, а мясцовы тэлеканал запіша лепшых дэкламатараў і пакажа іх майстэрства ў эфіры. -0-

БЕЛТА