3 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Афіцыйны вяшчальнік Алімпіяды ў Беларусі – Белтэлерадыёкампанія – пакажа прамую трансляцыю адкрыцця XXII Алімпійскіх гульняў. Урачыстая цырымонія пачнецца 7 лютага а 19.10 на "Беларусь 1", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.
Адкрыццё XXII Алімпійскіх зімовых гульняў пройдзе на стадыёне "Фішт", размешчаным у алімпійскім парку, недалёка ад Чорнага мора ў горадзе Сочы. Стадыён змесціць каля 40 тыс. жадаючых на свае вочы паназіраць за адкрыццём 22-й зімовай Алімпіяды.
Цырымонія працягнецца каля трох гадзін. Поўны расклад шоу, прысвечанага адкрыццю Гульняў, змешчаны пад грыфам "Сакрэтна", але ўжо зараз вядома, што яно будзе падзелена на дзевяць частак, якія распавядаюць пра розныя перыяды рускай эпохі, і пройдзе на трох пляцоўках.
Таксама вядома, што на адкрыцці выступіць расійская поп-група "Тату". Імёны іншых удзельнікаў трымаюцца ў сакрэце. Як раней паведамлялі арганізатары, на грандыёзнае шоу плануецца прыцягнуць найбольшую колькасць удзельнікаў за ўсю гісторыю Алімпійскіх гульняў.
Скончыцца феерычнае шоу, як і заўсёды, нараджэннем Алімпійскага агню.
Алімпійскія гульні-2014 – падзея, якой чакаюць мільёны людзей на ўсёй планеце. На працягу 17 дзён свет, затаіўшы дыханне, будзе сачыць за выступленнямі наймацнейшых спартсменаў. Прамая трансляцыя асноўных падзей Гульняў будзе весціся на ўсіх кантынентах.
Разам з шматмільённай сусветнай аўдыторыяй сачыць за галоўнымі падзеямі найбуйнейшага спартыўнага форуму змогуць і беларускія радыёслухачы. Самую аператыўную інфармацыю аб удзеле беларускіх спартсменаў, прамыя ўключэнні і інтэрв'ю можна будзе пачуць у эфіры Беларускага радыё.
На Першым нацыянальным канале Беларускага радыё сфарміравана свая "алімпійская каманда" спартыўных журналістаў, якая будзе сачыць за ўсімі важнымі падзеямі Гульняў.
Самая аператыўная інфармацыя аб удзеле беларускіх спартсменаў будзе прадстаўлена ў спартыўных блоках праграм "Радыёфакт", "Постфактум", "Раніца з Беларускім радыё", а таксама ў спецыяльных рубрыках "Спорт" (па буднях – у 15.15, у выхадныя дні – у 15.20, а таксама штодня пасля паўночы – у 1.05) і "Спорт 24" (па буднях – у 23.10).
Спартыўных балельшчыкаў самага папулярнага канала Беларускага радыё чакаюць прамыя ўключэнні і інтэрв'ю са спартсменамі, трэнерамі, лідарамі меркаванняў, экспертамі, прадстаўнікамі федэрацый, Міністэрства спорту і турызму, Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі.-0-