Беларусь будзе старшынстваваць у СНД у 2013 годзе
6.12.20120 праглядаў
6 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь будзе старшынстваваць у СНД у 2013 годзе, а наступнае пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў плануецца правесці ў Беларусі ў кастрычніку 2013 года. Адпаведнае рашэнне прынята 5 снежня на саміце Садружнасці, які прайшоў у Ашхабадзе, удзел у якім прыняў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
Да пачатку пасяджэння кіраўнік беларускай дзяржавы сустрэўся са сваім туркменскім калегам і абмеркаваў шэраг пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва.
Аляксандр Лукашэнка і Гурбангулы Бердымухамедаў пацвердзілі намеры паглыбляць плённае супрацоўніцтва ў самых розных сферах. Кіраўнік беларускай дзяржавы перадаў туркменскаму лідару прапановы па перспектыўных напрамках развіцця двухбаковага ўзаемадзеяння, з якімі Прэзідэнт Туркменістана зможа падрабязна азнаёміцца пасля завяршэння саміту.
Прывітаўшы Аляксандра Лукашэнку, Гурбангулы Бердымухамедаў падкрэсліў высокую дынаміку ў развіцці беларуска-туркменскіх адносін і традыцыйна дружалюбныя і цесныя сувязі паміж народамі дзвюх краін. Паводле яго слоў, бакі актыўна супрацоўнічаюць у сферы палітыкі, набіраюць абароты гандлёва-эканамічныя сувязі.
Прэзідэнт Туркменістана падзякаваў кіраўніка беларускай дзяржавы за плённае ўзаемадзеянне ў пытаннях адукацыі, навукі, абмену вопытам. Ён адзначыў, што ў Туркменістане ў многіх галінах запатрабавана беларуская тэхніка, якая ў тым ліку выкарыстоўваецца ў сельскай гаспадарцы, нафтагазавай галіне.
На сустрэчы была падкрэслена важнасць рэалізацыі сумеснaга праекта па будаўніцтве Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната па выпуску калійных угнаенняў. Гэта самы буйны аб'ект у рэгіёне, які дасць вельмі многае для развіцця сельскай гаспадаркі.
"Запасы калійных угнаенняў у вас каласальныя. Упэўнены, што вы іх будзеце развіваць, - сказаў Прэзідэнт Беларусі. - Таму і ў нас работы тут хопіць разам з вамі". Кіраўнік беларускай дзяржавы дадаў, што новыя чаргі камбіната будуць будаваць ужо туркменскія спецыялісты, а беларусы будуць прыцягвацца для кансультавання. "У гэтым сутнасць нашага супрацоўніцтва. Не проста пабудаваць і сысці, а перадаць вопыт, навучыць спецыялістаў", - адзначыў ён.
Асаблівы акцэнт кіраўнікоў дзяржаў зрабілі на развіцці культурна-гуманітарных сувязей. Так, нядаўна ў Белдзярцырку прайшлі гастролі групы "Туркменскія джыгіты" Дзяржаўнага цырка Туркменістана. "Вы сапраўды паказалі вышэйшы клас у цэнтры Еўропы. Нам хацелася б, каб гэтых прадстаўленняў было больш", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка запэўніў туркменскага калегу ў цёплым і сяброўскім стаўленні беларусаў да народа Туркменістана.
У межах саміту адбылася таксама двухбаковая сустрэча Прэзідэнтаў Беларусі і Украіны Аляксандра Лукашэнкі і Віктара Януковіча, на якой былі абмеркаваны актуальныя пытанні беларуска-ўкраінскіх адносін, а таксама ўзаемадзеянне Украіны і Мытнага саюза Беларусі, Расіі і Казахстана.
На пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД старшынства ў арганізацыі ў 2013 годзе было перададзена Беларусі. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што беларускае старшынства пройдзе пад дэвізам "Інтэграцыя на карысць чалавека: умацаванне добрасуседства, развіццё экалагічнага супрацоўніцтва, пашырэнне дыялогу культур".
"Мы будзем зыходзіць з уліку інтарэсаў усіх дзяржаў - удзельніц Садружнасці", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка распавёў аб напрамках, на якіх беларускі бок у 2013 годзе мяркуе акцэнтаваць увагу. Гэта развіццё агульнай інфармацыйнай прасторы, умацаванне міжкультурнага і міжэтнічнага ўзаемадзеяння, пашырэнне кантактаў на ўзроўні навуковай і творчай інтэлігенцыі, ветэранскіх і моладзевых арганізацый, рэалізацыя праектаў у галіне экалагічнай культуры і аховы навакольнага асяроддзя. Гэту тэму асабліва актуалізаваў Прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч, запрасіўшы кіраўнікоў дзяржаў на пляцоўку Чарнобыля, дзе будуецца новае сховішча рэактара, на якім адбылася катастрофа.
Беларускі бок да канца 2012 года мае намер прадставіць канцэпцыю старшынства і план мерапрыемстваў па яе рэалізацыі. "Я вельмі спадзяюся на вашу падтрымку і гатоўнасць да сумеснай працы па ўмацаванні Садружнасці ў інтарэсах нашых народаў", - адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы, звяртаючыся да калег.Прэзідэнт Беларусі падзякаваў туркменскі бок і асабіста Прэзідэнта Гурбангулы Бердымухамедава за праведзеную ў перыяд старшынства ў СНД працу, а таксама за цёплы прыём у Ашхабадзе. "У цудоўнай туркменскай сталіцы сёлета праходзілі не толькі афіцыйныя пасяджэнні органаў Садружнасці, але і адбыўся шэраг навуковых, творчых, спартыўных і іншых мерапрыемстваў. Яны паслужылі ўмацаванню традыцыйна дружалюбных сувязяў паміж народамі нашых краін", - адзначыў беларускі лідар.
Савет галоў дзяржаў СНД прыняў дэкларацыю аб далейшым развіцці ўсебаковага супрацоўніцтва. У дакуменце выказана імкненне бакоў і надалей спрыяць умацаванню ролі Садружнасці ў фарміраванні сістэмы рэгіянальных і міжрэгіянальных узаемаадносін, станаўленні жыццяздольнага і эфектыўнага механізму супрацоўніцтва, які адпавядае патрабаванням сучаснасці.
Па ініцыятыве Расійскай Федэрацыі кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі і прынялі рашэнне аб старшыні Выканаўчага камітэта - выканаўчым сакратары СНД. Паўнамоцтвы цяперашняга старшыні Выканкама прадоўжаны да канца 2016 года.
Удзельнікі пасяджэння таксама заслухалі інфармацыю аб дзейнасці Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў - удзельніц СНД. Савет галоў дзяржаў адобрыў праведзеную працу і прапанаваў Міжпарламенцкай асамблеі працягнуць дзейнасць па развіцці міжпарламенцкага ўзаемадзеяння дзяржаў Садружнасці ў палітычнай, эканамічнай, прававой і іншых сферах.
Кіраўнікі дзяржаў прынялі рашэнне аб падрыхтоўцы да святкавання 70-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў. У прыватнасці, прадугледжваецца заснаваць ганаровы ордэн і юбілейны медаль "70 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.". У дзяржавах СНД будуць распрацаваны і прыняты нацыянальныя праграмы па падрыхтоўцы і святкаванні юбілею Перамогі.
Удзельнікам пасяджэння была прадстаўлена дэталёвая інфармацыя аб ходзе рэалізацыі мерапрыемстваў па выкананні рашэння Савета галоў дзяржаў ад 20 снежня 2011 года аб вызначэнні супрацоўніцтва ў галіне сувязі і інфарматызацыі ключавой тэмай узаемадзеяння дзяржаў СНД у сферы эканомікі ў 2012 годзе. Як паказала яе абмеркаванне, развіццё ўзаемадзеяння дзяржаў тут ідзе вельмі актыўна.На пасяджэнні зацверджана палажэнне аб міждзяржаўнай праграме "Культурныя сталіцы Садружнасці". Прынята рашэнне ў 2013 годзе рэалізаваць міждзяржаўную праграму ў Азербайджане, Арменіі і Беларусі, аб'явіўшы адпаведна гарады Габала, Гюмры і Магілёў культурнымі сталіцамі Садружнасці.
Таксама прынята рашэнне аб аб'яўленні 2013 года Годам экалагічнай культуры і аховы навакольнага асяроддзя у СНД, сканцэнтраваўшы на гэтай важнай тэме асноўныя намаганні ў рамках міждзяржаўнага ўзаемадзеяння.
Па выніках пасяджэння падпісаны пакет дакументаў.
У прыватнасці, кіраўнікі дзяржаў падпісалі Пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне арганізацыі інтэграванага валютнага рынку дзяржаў - удзельніц СНД. Дакумент накіраваны на спрашчэнне працэдуры валютна-абменных аперацый шляхам узаемнага допуску юрыдычных асоб, якія маюць права на ажыццяўленне валютных аперацый, на валютныя рынкі адзін аднаго. У параўнанні з дзеючым парадкам абмену валюты праз упаўнаважаныя банкі прапанаваны ў пагадненні парадак прасцейшы і эканамічна больш выгадны.
Дакументы, якія адносяцца да сферы забеспячэння бяспекі і процідзеяння новым выклікам і пагрозам, уключаюць Пагадненне аб утварэнні Савета кіраўнікоў падраздзяленняў фінансавай разведкі дзяржаў - удзельніц СНД; Пагадненне аб супрацоўніцтве ў падрыхтоўцы спецыялістаў антытэрарыстычных падраздзяленняў у навучальных установах кампетэнтных органаў дзяржаў - удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў; Пагадненне дзяржаў - удзельніц СНД аб супрацоўніцтве ў матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні кампетэнтных органаў, якія ажыццяўляюць барацьбу з тэрарызмам і іншымі гвалтоўнымі праявамі экстрэмізму.
Утварэнне Савета кіраўнікоў падраздзяленняў фінансавай разведкі выклікана неабходнасцю развіцця супрацоўніцтва і імкненнем да каардынацыі ўзаемадзеяння ў процідзеянні легалізацыі (адмыванню) злачынных даходаў і фінансаванню тэрарызму.
Акрамя таго, зацверджаны Перспектыўныя напрамкі развіцця аб'яднанай сістэмы проціпаветранай абароны дзяржаў Садружнасці, а таксама план мерапрыемстваў па рэалізацыі пратакола аб зацвярджэнні Палажэння аб арганізацыі ўзаемадзеяння памежных і іншых ведамстваў дзяржаў СНД у аказанні дапамогі пры ўзнікненні і ўрэгуляванні (ліквідацыі) крызісных сітуацый на знешніх межах ад 5 кастрычніка 2007 года.
Рашэннем Савета кіраўнікоў дзяржаў шэраг дзяржаўных дзеячаў Арменіі, Беларусі і Украіны ўзнагароджаны граматай СНД за актыўную працу па ўмацаванні і развіцці Садружнасці.
Старшынёй Эканамічнага суда СНД была зацверджана Людміла Каменкова з Беларусі.
БЕЛТА