17 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь будзе ўдзельнічаць у конкурсах на правядзенне двух чэмпіянатаў свету па вяслярных відах спорту. Аб гэтым далажыў сёння Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі, кіраўнік асацыяцыі "Беларускі саюз вяслярных відаў спорту" Пётр Пракаповіч, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы. Прынята рашэнне, што Беларусь будзе ўдзельнічаць у конкурсах на правядзенне двух чэмпіянатаў свету: у 2013 годзе - па веславанні на байдарках і каноэ і ў 2015 годзе - па акадэмічным веславанні. Плануецца, што міжнародныя спаборніцтвы пройдуць у Брэсце і Заслаўі. Пётр Пракаповіч растлумачыў, што, стаўшы гаспадыняй спаборніцтваў такога высокага ўзроўню, Беларусь набые каштоўны вопыт правядзення сусветных першынстваў. Рэспубліка ўжо прымала чэмпіянаты Еўропы па вяслярных відах спорту, а таксама юнацкія сусветныя спаборніцтвы. Але ў краіне ёсць усе магчымасці і для арганізацыі сусветных чэмпіянатаў па дарослай праграме.-0-

БЕЛТА