Беларусь дасягнула высокага ўзроўню ў навучанні і падрыхтоўцы афіцэрскага складу - А.Лукашэнка
8.7.20100 праглядаў
8 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь дасягнула значных поспехаў у навучанні і падрыхтоўцы ваенных кадраў, аднак сістэму ваеннай адукацыі краіны неабходна пастаянна ўдасканальваць. Аб гэтым сёння на прыёме ў гонар выпускнікоў ваенных навучальных устаноў Беларусі і Расійскай Федэрацыі заявіў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
Па словах Прэзідэнта, тое, што сёння ў Беларусь едуць на навучанне ваенныя з іншых краін, гаворыць пра многае. "Неабходна ўсё вышэй і вышэй падымаць планку навучання і падрыхтоўкі афіцэраў узброеных сіл. У адваротным выпадку, да нас навучацца ніхто не прыедзе. Едуць таму, што мы дасягнулі прыкладна ўзроўню Расіі ў навучанні і падрыхтоўцы афіцэрскага складу, а па нейкіх параметрах і перасягнулі. Трэба і далей дзейнічаць такім чынам. Мы таксама будзем накіроўваць у ваенныя адукацыйныя цэнтры нашых брацкіх дзяржаў сваіх афіцэраў. Але не таму, што не можам сёння самастойна падрыхтаваць гэтых афіцэраў, а для таго, каб захаваць тую сувязь, якая павінна быць паміж брацкімі арміямі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Упершыню выпускнікамі двух факультэтаў Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь сталі 15 афіцэраў Узброеных Сіл Казахстана. "Гэта сведчанне рэзультатыўнасці ўзаемадзеяння нашых краін у ваеннай вобласці і эфектыўнага двухбаковага супрацоўніцтва. Думаю, што выбар Беларусі як месца падрыхтоўкі кіруючых кадраў для сваіх узброеных сіл невыпадковы. Нельга не бачыць, што на нашай зямлі надзейна забяспечаны мір і стабільнасць", - адзначыў беларускі лідар.
Звяртаючыся да афіцэраў Узброеных Сіл Казахстана - выпускнікоў беларускай Ваеннай акадэміі, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "З'язджаючы на Радзіму, вы ўнясеце з сабой часцінку душэўнага цяпла беларускага народа. Ведайце, што ў Беларусі вы жаданыя госці, а дружба з брацкім народам Казахстана заўсёды будзе з'яўляцца найважнейшым фактарам забеспячэння бяспекі нашых краін".
Сёння міжнародная абстаноўка застаецца няпростай і супярэчлівай. Усе мы з'яўляемся сведкамі імкнення да рэвізіі пагадненняў наконт пасляваеннага сусветпарадку на карысць геапалітычных інтарэсаў асобных дзяржаў. Зніжаецца эфектыўнасць механізмаў забеспячэння міжнароднай бяспекі. Працягваецца трансфармацыя ваенна-блокавых адносін. Не спыняюцца канфлікты, якія спараджаюцца палітычнымі гульнямі прэтэндэнтаў на лідарства.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што бягучы год ускладняецца эканамічнай нестабільнасцю. "Дзяржавы, якія не валодаюць уласнымі энергетычнымі рэсурсамі, вымушаны прыкладаць каласальныя намаганні для забеспячэння сваёй незалежнасці. Спробы дыктату і шантажу сёння прадпрымаюцца і ў дачыненні да нашай краіны", - сказаў Прэзідэнт.
Разам з тым, падкрэсліў ён, створаная ў Беларусі палітычная і эканамічная мадэль у гэтых умовах дэманструе здольнасць адэкватна рэагаваць на любыя выклікі. Нягледзячы ні на што, Беларусь цвёрда прытрымліваецца курсу добрасуседства і выканання прынцыпаў міжнароднага права ў адносінах паміж дзяржавамі.
Бясспрэчнай з'яўляецца здольнасць нашай дзяржавы нават у складаных умовах забяспечыць годны ўзровень жыцця грамадзян, падтрымліваць сацыяльна-палітычную стабільнасць, грамадскую і ваенную бяспеку. "Не сакрэт, што не апошняя роля ў гэтым належыць дзяржаўным органам сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі. Завяршыўшы фундаментальныя пераўтварэнні ў Узброеных Сілах, мы клапоцімся аб іх далейшым развіцці на якасна новым узроўні, імкнемся выкарыстоўваць інавацыі ў ваеннай і ваенна-тэхнічнай сферах. Не зніжаем увагі да пытанняў забеспячэння сілавых структур усім неабходным, знаходзім магчымасці для павышэння ўзроўню сацыяльнай абароненасці вайскоўцаў і членаў іх сем'яў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што будаўніцтва і развіццё Узброеных Сіл з'яўляецца складаным і бесперапынным працэсам. А таму сённяшнім выпускнікам трэба будзе забяспечваць далейшае інтэнсіўнае нарошчванне баявых магчымасцей арміі, вырашаць складаныя, адказныя задачы падтрымання баявой гатоўнасці злучэнняў і воінскіх частак, падрыхтоўкі войскаў, займацца ваенна-навуковай дзейнасцю, навучаць і выхоўваць падначаленых. Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, нягледзячы на заканчэнне вучобы, расслабляцца выпускнікам нельга. "Вы бачыце, што адбываецца вакол нашай краіны, на мяжы нашай Айчыны. На карце свету з'явіліся новыя незалежныя дзяржавы, у тым ліку Беларусь, і гэтыя дзяржавы запатрабавалі свайго месца пад сонцам. Пройдзе яшчэ нейкі час, і яны стануць у шэраг усіх тых дзяржаў, якія забяспечылі сабе нармальнае становішча ў свеце", - упэўнены Прэзідэнт."Выбраўшы шлях абаронцы Радзімы, вы ўзялі на сябе і велізарную адказнасць. Кіраўніцтва краіны, беларускі народ вераць у вас, разлічваюць на вашу энергію, ініцыятыву і высокі прафесіяналізм. Будзьце годныя гэтай высокай даверы!" - дадаў Прэзідэнт, звяртаючыся да афіцэраў.
Шэрагу выпускнікоў за выдатныя поспехі ў вучобе і ўзорнае выкананне воінскага абавязку былі ўручаны спецыяльныя лісты аб аб'яўленні падзякі Прэзідэнта. Аляксандр Лукашэнка таксама ўручыў генеральскія пагоны афіцэрам сілавых структур Беларусі. Пагоны генерал-маёра ўручаны начальніку 72-га гвардзейскага аб'яднанага навучальнага цэнтра падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў Узброеных Сіл Беларусі Валерыю Гнілазубу. Пагоны генерал-маёра міліцыі атрымалі начальнік упраўлення ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама Фёдар Балейка і начальнік упраўлення ўнутраных спраў Мінскага аблвыканкама Іван Саўчыц. У сваю чаргу начальніку Ашмянскай мытні Івану Ніверкевічу ўручаны пагоны дзяржаўнага саветніка мытнай службы III рангу.-0-
БЕЛТА