8 лістапада, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Беларусь гатова быць самым актыўным удзельнікам "Усходняга партнёрства". Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння ў інтэрв'ю найбуйнейшым СМІ Германіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Мы гатовы быць самым актыўным дзеючым тварам ва "Усходнім партнёрстве", калі гэтага хоча Еўрапейскі саюз", - сказаў кіраўнік дзяржавы, канстатаваўшы, што пакуль рух у гэтай ініцыятыве вельмі слабы. "Мы чакаем. Мы прапанавалі канкрэтныя праекты, вельмі выгадныя, у тым ліку і для Германіі, для поўначы і поўдня Еўропы. Мы гатовы да таго, каб уся Еўропа скарысталася нашымі магчымасцямі ў сваіх інтарэсах", - падкрэсліў Прэзідэнт. Гаворачы ў цэлым аб супрацоўніцтве Беларусі і Еўрапейскага саюза, Аляксандр Лукашэнка лічыць, што яно павінна развівацца. "Тое, што мы павінны рухацца ў напрамку супрацоўніцтва, няма ніякіх сумневаў", - сказаў ён. На думку кіраўніка беларускай дзяржавы, папярэднія 15 гадоў "аказаліся контрпрадуктыўнымі з пункту гледжання спроб ізаляваць Беларусь і неяк аслабіць нашу дзяржаву і грамадства". "Гэты прыклад красамоўны і сведчыць, што мы павінны супрацоўнічаць. Мы жывём у гэтым цесным узаемазалежным свеце, тым больш месца нашага пражывання - гэта адна і тая ж кватэра, адзін і той жа квартал, імя якому Еўропа", - адзначыў Прэзідэнт.-0-

БЕЛТА