Беларусь гатова да пашырэння гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Масквой - А.Лукашэнка
20.3.20120 праглядаў
20 сакавіка, Масква /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Беларусь гатова да пашырэння гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Масквой. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на сустрэчы з мэрам Масквы Сяргеем Сабяніным, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, у ходзе сустрэчы з мэрам Масквы ў вузкім складзе дасягнуты стратэгічныя дамоўленасці аб далейшых перспектывах супрацоўніцтва. "Я вам удзячны за тое, што вы прагматычна і стратэгічна падышлі да гэтых пытанняў, пагадзіліся не разбураць напрацаванае, каб мы на ўзроўні ўрада Беларусі супрацоўнічалі з Масквой", - сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да Сяргея Сабяніна.
Гаворачы аб таваразвароце паміж Беларуссю і Масквой, які па выніках 2011 года ўзрос больш чым на 26% і перавысіў $4,1 млрд., кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што тым не менш бакі пакуль не дасягнулі гістарычнага ўзроўню. "Некалі ў нас быў таваразварот больш за $5 млрд. Таму нам ёсць куды ісці ў гэтым плане", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі.
Акрамя таго, ён паведаміў, што дасягнута дамоўленасць аб стварэнні сумеснай групы на ўзроўні ўрада для развіцця супрацоўніцтва. "І ў рамках гэтай групы, я запрасіў яе прыехаць у Мінск, мы вырашым усе пытанні і прыватнага характару, і больш шырокага плана", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
"Для мяне галоўнае сёння было пачуць ад вас, што вы нацэлены на тое, што Беларусь - не чужая для Масквы, і мы, як і раней, будзем супрацоўнічаць з вамі і знаходзіць больш прыступак развіцця ў гэтым супрацоўніцтве. Мы да гэтага гатовыя, і, паверце, вы не пашкадуеце аб тым, што пайшлі на такое супрацоўніцтва, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Мы ўсё зробім для таго, каб масквічы з задавальненнем куплялі нашы тавары. У сваю чаргу і мы чакаем масквічоў з вялікімі інвестыцыямі. Мы з задавальненнем будзем рабіць усё для пашырэння гэтага супрацоўніцтва".
У сваю чаргу Сяргей Сабянін адзначыў, што Беларусь і Маскву звязваюць вельмі цесныя, выбудаваныя гадамі адносіны. Мэр Масквы выказаў упэўненасць, што бакі і надалей будуць нарошчваць аб'ёмы гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. У якасці прыкладу ён узгадаў сур'ёзны кантракт, заключаны ў мінулым годзе на пастаўку ў Маскву беларускіх тралейбусаў. Таксама, па яго словах, захаваліся цесныя сувязі ў галіне культуры і адукацыі.
"Мы мяркуем у бліжэйшы час заключыць новы план узаемаадносін на сучасным этапе паміж Беларуссю і Масквой на 2013-2016 гады. Думаю, што будзе правільна, калі гэтыя адносіны, як і раней, будуць выбудаваны на высокім узроўні - на ўзроўні ўрада Беларусі", - сказаў Сяргей Сабянін.
Акрамя таго, мэр Масквы адзначыў, што ў бягучым годзе ў двухбаковым супрацоўніцтве адбудуцца знакавыя падзеі, якія падкрэслыць сур'ёзнасць намераў да развіцця ўзаемавыгадных сувязяў. Паводле яго слоў, у гэтым годзе Беларусь плануе адкрыць новы выставачны комплекс на ВДНГ, дзе можна будзе азнаёміцца з шырокім спектрам беларускіх тавараў. У сваю чаргу ў кастрычніку ў Беларусі пройдуць Дні Масквы. "Лічу, што наша супрацоўніцтва будзе інтэнсіўна развівацца", - дадаў мэр расійскай сталіцы.-0-
БЕЛТА