3 красавіка, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Беларусь гатова да будаўніцтва другой АЭС. Пра гэта заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на сустрэчы з генеральным дырэктарам Міжнароднага агенцтва па атамнай энергетыцы (МАГАТЭ) Юкія Амано, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Калі будзе вашае садзейнічанне, падтрымка і адпаведныя ўмовы, мы гатовы і другую атамную станцыю пабудаваць у Беларусі", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён цвёрда перакананы, што ядзерная энергетыка - гэта найбольш бяспечны шлях атрымання таннай энергіі. "Я цвёрда перакананы, што ядзернай энергетыцы быць і што гэта найбольш бяспечная сфера і найбольш бяспечны шлях атрымання таннай энергіі, у якой свет усё больш будзе мець патрэбу", - сказаў ён. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што свет перажывае асаблівы перыяд у развіцці мірнага атому пасля вядомых падзей у Японіі і праблем з атамнай электрастанцыяй "Фукусіма", наступных пасля гэтай катастрофы рэакцый і намераў Германіі і іншых краін згарнуць ядзерныя праекты. "У гэты асаблівы перыяд мы цвёрда і адназначна заяўляем аб тым, што мы не проста маем намер пабудаваць атамную электрастанцыю, але і пачалі яе будаўніцтва", - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. "Я мяркую, што МАГАТЭ - арганізацыя, надзвычай зацікаўленая ў тым, каб падобныя, вядома ж, бяспечныя праекты ў свеце рэалізоўваліся. Таму мы вельмі спадзяемся, што спадар Амано, як і папярэднія кіраўнікі гэтага агенцтва, акажа нам сур'ёзную маральную падтрымку ў будаўніцтве атамнай электрастанцыі", - адзначыў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што будаўніцтва АЭС праходзіць у краіне, якая найбольш сур'ёзна пацярпела ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. "І тое, што сёння насельніцтва - нам гэта ўдалося зрабіць - падтрымлівае гэты праект, вельмі сімптоматычна", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Звяртаючыся да Юкія Амано, Прэзідэнт выказаў надзею, што, пазнаёміўшыся з Беларуссю і ўбачыўшы ўсё на свае вочы, ён зробіць для сябе пэўныя высновы аб тым, як працаваць з Беларуссю і ў якім напрамку.