Беларусь гатова аказаць дадатковую дапамогу Расіі ў барацьбе з пажарамі - А.Лукашэнка
12.8.20100 праглядаў
12 жніўня, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Беларусь гатова аказаць дадатковую дапамогу Расіі ў барацьбе з пажарамі. Аб гэтым сёння заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Прэзідэнтам Рэспублікі Татарстан Расійскай Федэрацыі Рустамам Мініханавым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Хачу запэўніць вас асабіста і нашых сяброў у вашай рэспубліцы, што мы зробім усё, на што здольныя, каб аказаць дапамогу ў гэтай складанай сітуацыі, - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. - Як і іншым рэгіёнам Расіі, пацярпелым ад анамальнага надвор'я, мы гатовы аказаць тую дапамогу, на якую здольныя".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што не варта шукаць ніякіх палітычных матываў у аказваемай Расіі дапамозе з нашага боку. "Ніякай палітыкі тут няма. Не трэба накручваць у сродках масавай інфармацыі, - сказаў Прэзідэнт. - Якая можа быць палітыка, калі гараць вёскі". Ён адзначыў, што ў Расіі прызнаюць, што "беларускія хлопцы працуюць эфектыўна, на сумленне". "Мы ніколі не будзем лічыць Расію чужой для сябе краінай. Бяда для ўсіх нас агульная", - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі таксама складваецца неспрыяльная сітуацыя, асабліва ад засухі пакутуе поўдзень краіны. Аднак у Беларусі ёсць пэўны вопыт работы ў падобных сітуацыях, кантралюецца кожны кіламетр. У краіне выбралі актыўны метад барацьбы з узгараннямі. Два тыдні таму было да 500 ачагоў узгарання, аднак толькі на некалькі хвілін. Удалося захаваць усе вёскі, размешчаныя ў лясах. "Як можам, стараемся супрацьстаяць стыхіі", - сказаў беларускі лідар.
У той жа час Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што самы цяжкі ў гэтай сітуацыі ўрон нанесены сельскагаспадарчай вытворчасці. Ён адзначыў, што, нягледзячы на скарачэнне валавога збору збожжа, хлеба ў краіне хопіць, да таго ж ёсць пэўныя запасы.
"Мы вытрываем гэты націск, і, калі нейкія рэзервы будуць, мы вам абавязкова дапаможам у сілу нашых асаблівых адносін. Мы б хацелі, каб вы, наша Расія, ведалі, што мы ніколі ўбаку не застанемся", - падкрэсліў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ў выпадку неабходнасці беларускі бок гатовы вызваліць сілы заходняй часткі і сфарміраваць і накіраваць новыя атрады. Ён таксама нагадаў, што ў краіне ёсць пэўны досвед барацьбы з тарфянымі пажарамі. Прэзідэнт даручыў прэм'ер-міністру Беларусі звязацца з губернатарам Маскоўскай вобласці і мэрам Масквы і прапанаваць, як дзейнічаць далей у сітуацыі, якая склалася. "Таропіцца зараз нельга, трэба дзейнічаць асцярожна", - сказаў ён.
Кіраўнік беларускай дзяржавы яшчэ раз падкрэсліў, што Беларусь гатова дапамагаць Расіі, абапіраючыся на наяўны досвед. "Будзем весці дыялог і старацца вам дапамагчы. Калі патрэбны нашы прадукты харчавання - калі ласка", - адзначыў ён.
У сваю чаргу Прэзідэнт Татарстана адзначыў, што засуха моцна ўдарыла і па гэтай рэспубліцы, спарадзіўшы такую праблему, як пажары. Ён распавёў, што сёлета значна скароціцца ўраджай збожжа. Ён таксама дадаў, што з беларускага боку ёсць поўнае разуменне. "Лічу, усе разам мы справімся", - адзначыў ён.-0-
БЕЛТА