26 жніўня, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Беларусь гатова спакойна і па-дзелавому пераходзіць на новыя ўмовы працы з Расіяй, але хоча, каб яны былі справядлівымі і не такімі дыскрымінацыйнымі, як у выпадку з пошлінамі на нафтапрадукты. Аб гэтым заявіў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з губернатарам Курскай вобласці Аляксандрам Міхайлавым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што неабходна вызначыць дакладныя і зразумелыя правілы працы ў рамках Мытнага саюза Беларусі, Расіі і Казахстана без якіх-небудзь выключэнняў. "Тым больш, што тыя выключэнні, якія існуюць, і пошліны абсалютна ніякай выгады, акрамя шкоды, нашым адносінам з Расійскай Федэрацыяй не даюць", - падкрэсліў ён.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што па-ранейшаму тармазіцца рэалізацыя дасягнутых у Маскве і Астане дамоўленасцей, аднак не па віне беларускага боку.
Прэзідэнт таксама выказаў сумненне ў неабходнасці прагматызацыі адносін Беларусі і Расіі. "Хто яго ведае, ці трэба нам гэты падыход у нашых адносінах паміж дзвюма гістарычна і духоўна блізкімі дзяржавамі і народамі, - сказаў Прэзідэнт. - Не ўсё, вядома, можна вымераць рублём, доларам ці, калі хочаце, кубаметрамі газу. Але раз ужо так стала прынята ў кагосьці ў Маскве - мы вымушаны гэта ўлічваць і са свайго боку".-0-
БЕЛТА
Беларусь гатова пераходзіць да новых умоў працы з Расіяй на справядлівай і недыскрымінацыйнай аснове
26.8.20100 праглядаў