18 студзеня, Мінск /Людміла Сац - БЕЛТА/. Беларусь гатова прадаць да 25% акцый ААТ "Беларуськалій". Пра гэта заявіў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па пытаннях развіцця беларускай эканомікі, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Мы прапанавалі, і гэта ўжо не сакрэт, "Беларуськалій" (да продажу. - Заўвага. БЕЛТА). Мы сказалі, што больш за 25% мы не прадамо. Мы назвалі цану, якая сёння расце. Ахвотных за такую цану купіць няшмат, але яны ёсць. Хочуць - хай купляюць, няма - меншай цаны не будзе", - сказаў Прэзідэнт. "Мы назвалі цану ўсіх прадпрыемстваў. Няхай нясуць грошы і купляюць. Ніхто бясплатна не аддасць", - адзначыў кіраўнік дзяржавы. "Калі нехта спадзяецца, што тут будзе абвалавая шокавая і за бясцэнак прыватызацыя, то гэтага не будзе ў краіне", - заявіў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт паведаміў, што сёння існуе шалёны попыт на асобныя беларускія прадпрыемствы. "За гэта мы можам атрымаць $25-30 млрд. А калі праедзім гэтыя $30 млрд., тады што прадаваць будзем? І што мы ад гэтага атрымаем?" - дадаў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што калі нехта плаціць такія грошы за гэту ўласнасць, значыць, ён разлічвае атрымаць больш. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка заклікаў: "Не спяшайцеся прадаваць. Падымаецца эканоміка, ва ўсім свеце ідзе рост, вырасце кошт актываў, вырасце кошт прадпрыемстваў, тады мы паглядзім, што прадаваць і за колькі". Пры гэтым Прэзідэнт адзначыў, што ён не прыхільнік таго, каб сёння прадаць, а заўтра думаць, як жыць. "За кошт назапашанага пакаленнямі доўга не пражывеш. Таму не спяшайцеся", - перасцярог кіраўнік дзяржавы.-0-

БЕЛТА