13 мая, Ерэван /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Арменія па выніках перамоваў у Ерэване кіраўніка беларускай дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі і Прэзідэнта Арменіі Сержа Саргсяна падпісалі двухбаковыя дакументы аб супрацоўніцтве ў галіне ядзернай бяспекі, сельскай гаспадаркі і спорту, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У прысутнасці прэзідэнтаў падпісана міжурадавае пагадненне аб абмене інфармацыяй і супрацоўніцтве ў галіне ядзернай бяспекі і радыяцыйнай абароны. З беларускага боку пагадненне падпісаў міністр па надзвычайных сітуацыях, з армянскага - старшыня Дзяржаўнага камітэта па рэгуляванні ядзернай бяспекі.

Паміж Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі і Міністэрствам сельскай гаспадаркі Арменіі заключана пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне сельскай гаспадаркі. Подпісы пад дакументам паставілі галіновыя міністры.

Акрамя таго, падпісана міжурадавае пагадненне аб супрацоўніцтве ў забеспячэнні правоў асоб, якія належаць да нацыянальных меншасцей. З беларускага боку дакумент падпісаў міністр замежных спраў, з армянскага - міністр дыяспары.

Паміж Міністэрствам прамысловасці Беларусі і Міністэрствам сельскай гаспадаркі Арменіі заключаны мемарандум аб развіцці супрацоўніцтва. Яго падпісалі кіраўнікі адпаведных міністэрстваў.

У Ерэване таксама падпісана Праграма супрацоўніцтва ў галіне фізічнай культуры і спорту паміж Міністэрствам спорту і турызму Беларусі і Міністэрствам спорту і спраў моладзі Арменіі на 2013-2014 гады. Подпісы пад гэтым дакументам паставілі з беларускага боку Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол у Арменіі, з армянскага - галіновы міністр.-0-