Беларусь і Калужская вобласць Расіі падпісалі праграму супрацоўніцтва на 2021-2023 гады, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях.
Беларусь і Калужская вобласць Расіі падпісалі праграму супрацоўніцтва на 2021-2023 гады, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях.
"Машынабудаванне, АПК, медыцына і ахова здароўя, ІКТ, нафтахімія і будаўніцтва, навука і тэхналогіі будуць прыярытэтнымі напрамкамі ўзаемадзеяння на бліжэйшыя гады для беларускіх і калужскіх прадпрыемстваў і арганізацый. Плануецца актывізаваць навукова-тэхнічнае і міжвузаўскае супрацоўніцтва, арганізаваць абмен інфармацыяй у галіне інавацый і высокіх тэхналогій", - распавялі ў прэс-службе.
Акрамя таго, прадугледжваецца сумесны ўдзел у абнаўленні ліфтавага абсталявання і рухомага саставу гарадскога пасажырскага транспарту ў Калужскай вобласці, продаж аўтобусаў ААТ "МАЗ", электратранспарту вытворчасці ААТ "Кіруючая кампанія холдынгу "Белкаммунмаш", а таксама прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў станкабудаўнічай, металаапрацоўчай, электратэхнічнай і іншых галін прамысловасці.
У адпаведнасці з распараджэннем прэм'ер-міністра, адказным за развіццё супрацоўніцтва з Калужскай вобласцю Расіі прызначаны старшыня ДКНТ Аляксандр Шумілін. "Калужская вобласць з'яўляецца даўнім і важным гандлёвым партнёрам Беларусі. За студзень-верасень 2020 года таваразварот склаў $412,2 млн. Асноўныя пазіцыі экспарту - металаканструкцыі з чорных металаў, лекавыя сродкі, ізаляваныя драты і кабелі, сельскагаспадарчая прадукцыя, грузавыя аўтамабілі", - адзначылі ў прэс-службе.
Бакі рэалізуюць таксама шэраг інвестыцыйных праектаў, у тым ліку ў галіне будаўніцтва. З 2013 па 2020 год беларускія арганізацыі пабудавалі ў Калужскай вобласці больш за 20 жылых дамоў, тры школы і чатыры дзіцячыя сады. Працягваецца праца па будаўніцтве іншых аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры.