16 ліпеня, Мінск /Кацярына Нячаева - БЕЛТА/. Беларусь і Казахстан павінны выкарыстоўваць магчымасці Мытнага саюза для атрымання ўзаемнай карысці. Такое меркаванне выказаў старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Анатоль Рубінаў сёння на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным паслом Казахстана ў Беларусі Анатолем Смірновам, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Старшыня Савета Рэспублікі перакананы, што Мытны саюз адкрывае новыя магчымасці для дзвюх краін для актывізацыі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, больш інтэнсіўнага развіцця сумеснай вытворчасці. Ён лічыць, што Мытны саюз "будзе новым этапам у развіцці адносін Беларусі і Казахстана", тым больш што цяпер "зняты ўсе перашкоды". Анатоль Рубінаў падкрэсліў узаемны эканамічны інтарэс дзвюх краін, адзначыўшы, што ў Казахстане ёсць "гандлёвае акно на Усход, а ў Беларусі - на Захад", што стварае дадатковыя эканамічныя магчымасці і перавагі. Ён таксама асабліва адзначыў блізкасць і брацкія адносіны Беларусі і Казахстана, у якасці прыкладу прывёўшы асабісты досвед: у студэнцкія часы Анатоль Рубінаў прыязджаў у Казахстан, як і мноства навучэнскай моладзі, для асваення цаліны, а ў перыяд навуковай дзейнасці бываў ва ўніверсітэце Алматы, вучоныя якога, напрыклад, былі першымі ў правядзенні досведаў па выкарыстанні нізкаінтэнсіўнага лазернага выпраменьвання ў медыцыне. Анатоль Смірнов у сваю чаргу адзначыў сяброўскія адносіны паміж дзвюма дзяржавамі і іх лідарамі, паведаміўшы, што сёлета запланаваны візіт Прэзідэнта Беларусі ў Казахстан. Дыпламат падзяляе меркаванне аб тым, што Мытны саюз прынясе ўзаемную карысць і выгаду народам Беларусі і Казахстана і "сыграе на карысць" краін і народаў. Ён падкрэсліў, што за 5 месяцаў гэтага года тавараабарот паміж Беларуссю і Казахстанам вырас больш чым на 57% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, і выказаў надзею на тое, што гэтая тэндэнцыя захаваецца і ў будучыні. Казахстан займае трэцяе месца ў аб'ёме знешняга гандлю Беларусі з краінамі СНД пасля Расіі і Украіны. На рынак гэтай краіны з Беларусі экспартуюцца ў асноўным тавары з высокай ступенню апрацоўкі і высокатэхналагічная прадукцыя. Аснову імпарту з Казахстана складаюць металапракат, пшаніца, ячмень, баваўнянае валакно, электрычныя акумулятары і іншая прадукцыя.

БЕЛТА