Першае пасяджэнне Беларуска-казахстанскай міждзяржаўнай рабочай групы па выпрацоўцы перспектыўных напрамкаў двухбаковага супрацоўніцтва ў галіне сельскай гаспадаркі адбылося ў Нур-Султане (Казахстан) падчас Беларуска-казахстанскага бізнес-форуму, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.

Як было адзначана, гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва ў аграпрамысловай сферы паміж краінамі дынамічна развіваецца, асабліва ў галіне паставак сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчавання. Бакі абмеркавалі перспектыўныя напрамкі сумеснай працы: рэалізацыю праектаў па перапрацоўцы мяса і малака для далейшага экспарту прадукцыі на рынак КНР, пастаўкі беларускай племянной жывёлы, стварэнне сумеснай вытворчасці па вытворчасці ветэрынарных прэпаратаў для задавальнення патрэб унутранага рынку Казахстана і з перспектывай экспарту ў трэція краіны.

Таксама на пасяджэнні быў падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве і сумеснай дзейнасці паміж ААТ "БелВітуніфарм" (Беларусь) і Таварыствам з абмежаванай адказнасцю Weider Pharm (Казахстан).

У Мінсельгасхарчэ адзначылі, што ў агульным аб'ёме беларускага экспарту ў Казахстан доля сельскагаспадарчай прадукцыі складае каля 30%. У студзені - жніўні таваразварот сельгаспрадукцыі і прадуктаў харчавання паміж краінамі дасягнуў $197,7 млн, пры гэтым экспарт - $187,2 млн, імпарт - $10,5 млн. Беларусь пастаўляе ў Казахстан ялавічыну, сыры, тварог, каўбасныя вырабы, сухую малочную сыроватку, гатовыя і кансерваваныя вырабы з мяса, мяса птушкі, крухмал, соладовы экстракт. "Над пашырэннем пераліку экспартных пазіцый вядзецца пастаянная праца, - дадалі ў міністэрстве. - Так, з гэтага года ў Казахстан пачалі пастаўляць племянную буйную рагатую жывёлу беларускай селекцыі. Ужо пастаўлена 245 галоў на $280,8 тыс."

Навіны Беларусі (БЕЛТА)