1 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Беларусь і Латвія выканалі ўнутрыдзяржаўныя працэдуры, неабходныя для ўступлення ў сілу пагаднення паміж урадамі дзвюх краін аб спрошчаным парадку ўзаемных паездак жыхароў памежных тэрыторый ад 23 жніўня 2010 года. Абмен пісьмовымі паведамленнямі аб выкананні ўнутрыдзяржаўных працэдур адбыўся сёння ў Віцебскім аблвыканкаме, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Адкрыццё малога памежнага руху з Латвіяй дасць штуршок да развіцця вялікіх кантактаў у розных сферах і будзе спрыяць узаемнаму супрацоўніцтву", - выказаў упэўненасць, папярэджваючы цырымонію, намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Алег Мацкевіч. Пратакол аб абмене паведамленнямі падпісалі кіраўнікі дыпламатычных місій - Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Латвійскай Рэспубліцы Аляксандр Герасіменка і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Латвійскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Міхаіл Попкоўс. Такім чынам, з 1 снежня мясцовыя органы прыступаюць да фарміравання спісаў жыхароў памежных тэрыторый, якія маюць права на атрыманне адпаведных дазволаў. Непасрэдна выдача дазволаў, адпаведна ў Генеральным консульстве Беларусі ў Даўгаўпілсе і консульстве Латвіі ў Віцебску, чакаецца з 1 лютага 2012 года. Па адзіным меркаванні дыпламатаў, рэалізацыя пагаднення пазітыўна паўплывае на развіццё двухбаковых адносін, дазволіць актывізаваць эканамічныя адносіны з памежнымі тэрыторыямі Латвіі, кантакты прадстаўнікоў мясцовых органаў самакіравання, бізнес-колаў, памежны гандаль, пашырыць міжчалавечыя і культурныя сувязі, будзе спрыяць падтрыманню роднасных, сямейных кантактаў, паколькі спросціць парадак уезду на тэрыторыю Беларусі этнічных беларусаў, кампактна пражываючых на прылеглай да Беларусі тэрыторыі Латвіі. Уступленне ў сілу пагаднення будзе садзейнічаць актывізацыі памежнага супрацоўніцтва ў сферах турызму, культуры, спорту.