20 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міжурадавае пагадненне аб парадку ўзаемных паездак жыхароў памежных тэрыторый Беларусі і Літвы падпісана сёння ў Мінску ў прысутнасці прэзідэнтаў дзвюх краін, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Подпісы пад дакументам паставілі міністры замежных спраў Беларусі і Літвы. "Гэта знакавая падзея для абедзвюх краін", - падкрэсліў падчас брыфінгу па выніках перамоваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. "У найбліжэйшай будучыні сотні тысяч жыхароў памежжа Беларусі і Літвы атрымаюць права перасякаць дзяржаўную мяжу ва спрошчаным парадку, - адзначыў ён. - Актывізацыя асабістых кантактаў - важны фактар далейшага развіцця не толькі гуманітарных і эканамічных сувязяў паміж рэгіёнамі, але і беларуска-літоўскіх адносін у цэлым". У сваю чаргу Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ адзначыла, што спрошчэнне парадку пропуску праз дзяржмяжу не прывядзе да павелічэння патокаў кантрабанды. Паводле яе слоў, у першую чаргу гэта пагадненне накіравана на тое, каб людзі, якія жывуць у памежных раёнах Беларусі і Літвы, маглі свабодна перамяшчацца і мець зносіны адзін з адным. Кошт доўгатэрміновай візы складзе 20 еўра, што ў тры разы танней, чым было дагэтуль. Як растлумачыў карэспандэнту БЕЛТА міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў, падпісанае сёння пагадненне закране да паўтара мільёна чалавек прыкладна ў 50-кіламетровай паласе з кожнага боку мяжы. "Гэта вельмі вялікі крок наперад. Мы лічым, што гэта не толькі будзе азначаць больш шырокія магчымасці для кантактаў людзей, што само па сабе важна, але таксама будзе стымуляваць эканамічны абарот", - адзначыў ён. -0-

БЕЛТА