Беларусь і Расія дасягнулі поўнага ўзаемаразумення па ўсіх ключавых пытаннях
1.6.20120 праглядаў
1 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Расія дасягнулі поўнага ўзаемаразумення па ўсіх ключавых пытаннях двухбаковага парадку дня і пацвердзілі ўзаемнае імкненне да далейшага плённага развіцця адносін у розных сферах. Гэта стала асноўным вынікам перамоў прэзідэнтаў дзвюх краін Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна, які наведаў Беларусь з афіцыйным двухдзённым візітам, што адбыліся 31 мая, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
Аляксандр Лукашэнка сустрэў свайго расійскага калегу ля трапа самалёта. Лідары дзвюх краін абмяняліся цёплымі прывітаннямі і пасля афіцыйнай цырымоніі ў аэрапорце ў адным аўтамабілі накіраваліся на перамовы ў рэзідэнцыю "Заслаўе", выкарыстаўшы час пераезду для нефармальных зносін.
На перамовах у вузкім складзе кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў наяўнасць добрых перспектыў для далейшага развіцця супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй. Асабліва было падкрэслена, што цяперашняя сустрэча праходзіла напярэдадні 20-годдзя ўсталявання дыпламатычных адносін паміж дзвюма краінамі. "Хачу падзякаваць вас і расійскае кіраўніцтва за ўсё тое, што мы зрабілі, асабліва ў апошнія гады. У нас ёсць вынікі і ў палітыцы, і ў эканоміцы", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.
Паводле яго слоў, галоўны вынік супрацоўніцтва ў сферы палітыкі - стварэнне Саюзнай дзяржавы, дзе па ўсіх напрамках бакі дасягнулі значнага прагрэсу. "У нас няма мяжы паміж дзвюма краінамі, у нас людзі спакойна перамяшчаюцца, маюць роўныя правы, і расіяне ў Беларусі, і беларусы ў Расіі, мы маем адзіную абаронную прастору, агульныя войскі супрацьпаветранай абароны, саюзную групоўку на заходнім напрамку і многае іншае. Па ўсіх напрамках мы дасягнулі пэўных вынікаў", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт Беларусі лічыць, што ў гэтым напрамку неабходна дзейнічаць і далей, умацоўваючы і прасоўваючы праект Саюзнай дзяржавы.
Кіраўнік беларускай дзяржавы таксама адзначыў вялікія поспехі ў эканамічнай інтэграцыі. "Мы стварылі Мытны саюз і Адзіную эканамічную прастору. Гэта значыць, мы свой вопыт (інтэграцыі на двухбаковай аснове) перанеслі на больш шырокае кола дзяржаў. Да нас сёння прыглядаюцца", - сказаў ён. У гэтым плане Аляксандр Лукашэнка адзначыў Украіну, якая праяўляе цікавасць да супрацоўніцтва з АЭП: "Пакуль яшчэ размаўляюць аб нейкіх выключэннях і абмежаваннях, але ўсё роўна, значыць, ёсць прыцягненне да гэтага полюса".
"Мы зрабілі нямала за гэтыя два дзясяткі гадоў, і, думаю, нас чакаюць нядрэнныя гады. Упэўнены, што вектар еўразійскай прасторы Расійская Федэрацыя будзе развіваць і ўмацоўваць. Мы да гэтага гатовыя", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
У сваю чаргу Уладзімір Пуцін сказаў: "Гэта мая першая паездка за межы Расійскай Федэрацыі пасля ўступлення на пасаду Прэзідэнта. Гэта натуральна, улічваючы, што Беларусь не проста наш блізкі, а асаблівы партнёр".
Прэзідэнт Расіі адзначыў поспех дзвюх краін у развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. У прыватнасці, ён канстатаваў, што па выніках 2011 года прырост узаемнага таваразвароту склаў каля 40%, дасягнуўшы амаль $40 млрд. Станоўчая дынаміка захоўваецца і ў бягучым годзе. "Гэта відавочнае сведчанне правільнага выбару ў напрамку інтэграцыі", - падкрэсліў кіраўнік расійскай дзяржавы.
Уладзімір Пуцін выказаў словы падзякі Аляксандру Лукашэнку за яго актыўную падтрымку інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы, выказаўшы гатоўнасць абмеркаваць увесь комплекс актуальных пытанняў, якія стаяць на парадку дня дзвюх дзяржаў.
У ходзе перамоваў прэзідэнты дасягнулі поўнага ўзаемаразумення па праблемных пытаннях у адносінах Беларусі і Расіі, заявіў Аляксандр Лукашэнка перад пачаткам перамоваў у пашыраным складзе з удзелам членаў дэлегацый.
"Толькі што адзін на адзін мы абмеркавалі шэраг праблем. Мы знайшлі поўнае ўзаемаразуменне па гэтых праблемах. Закрытых тэм у нас няма, - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі. - Мы не толькі ў палітыцы і эканоміцы, але і ў ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве як ніколі адзіныя, і мы будзем будаваць нашы адносіны на карысць нашым народам, не пагражаючы, не перашкаджаючы і не ствараючы нікому праблем".
Аляксандр Лукашэнка запэўніў свайго расійскага калегу, што Беларусь - самы блізкі і верны саюзнік Расіі: "Так было, так ёсць і так будзе заўсёды. Мы будзем паслядоўна выступаць за развіццё самых цесных сяброўскіх адносін з нашым галоўным стратэгічным партнёрам - Расійскай Федэрацыяй. Гэта ў поўнай меры адпавядае волі народаў нашых дзяржаў".
"Мы прайшлі сур'ёзны шлях выбудоўвання двухбаковых адносін і дасягнулі ў гэтым плане выключных вынікаў. Сёння мы можам канстатаваць, што на постсавецкай прасторы не існуе больш прасунутай інтэграцыі, чым Саюзная дзяржава. Мільёны людзей атрымалі ад гэтага рэальную аддачу", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.Паводле яго слоў, напрацоўкі ў рамках Саюзнай дзяржавы сталі фундаментам для фарміравання Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы.
Адзначаючы значны рост узаемнага таваразвароту, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ў сучасных умовах неабходна не толькі забяспечваць далейшае нарошчванне аб'ёмаў гандлю, але і ствараць сумесныя прадпрыемствы, холдынгі. "Нам трэба спыняць канкураваць адзін з адным прынамсі ў рамках Мытнага саюза і разам выходзіць на рынкі трэціх краін. Мы да гэтага гатовыя", - сказаў ён.
Асобна кіраўнік беларускай дзяржавы падзякаваў расійскі бок за падтрымку ў пытанні будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі. "Думаю, што нам трэба актывізавацца, каб пабудаваць самую сучасную, самую лепшую, самую прыгожую станцыю ў свеце. Тут, у цэнтры Еўропы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт Беларусі ўпэўнены, што, аб'яднаўшы намаганні, Беларусь і Расія змогуць не толькі пабудаваць АЭС, але і вырашыць многія іншыя пытанні. Па традыцыі ўсе самыя сур'ёзныя і прарыўныя напрамкі ў двухбаковым супрацоўніцтве прэзідэнты дамовіліся ўзяць пад асабісты кантроль.
Уладзімір Пуцін распавёў, што на сустрэчы ў вузкім складзе бакі, у прыватнасці, абмеркавалі тэму пашырэння перавалкі грузаў праз балтыйскія парты Расіі. Ён падкрэсліў, што абедзвюма краінамі шмат зроблена ў эканамічным супрацоўніцтве, і гэта адбіваецца станоўча не толькі на беларускай, але і на расійскай эканоміцы. Па словах кіраўніка расійскай дзяржавы, сумарны аб'ём падтрымкі, які атрымала Беларусь за кошт узаемавыгаднага супрацоўніцтва з Расіяй за апошнія некалькі гадоў, склаў прыблізна $5 млрд. "У нас вельмі вялікі ўзровень кааперацыі, і гэта станоўча ўплывае на развіццё расійскай эканомікі", - канстатаваў Прэзідэнт Расіі.
"Павінен сказаць, што мы бачым, якія няпростыя, але абсалютна правільныя рашэнні прымае кіраўніцтва Беларусі і эканамічны блок урада па нармалізацыі сітуацыі ў эканоміцы, - адзначыў Уладзімір Пуцін. - Вядома, мы зыходзім з таго, што вынікі, якія цяпер ёсць у эканоміцы Беларусі, яны будуць больш маштабнымі ў найбліжэйшы час".
Пры гэтым кіраўнік расійскай дзяржавы заўважыў, што "гэта няпростыя, часткова балючыя рашэнні, але праз іх трэба прайсці". "Мы бачым, што адбываецца ў некаторых краінах Еўропы, якія своечасовых крокаў не зрабілі, і зараз яны перажываюць цяжкія часы. Вядома, мы жадаем ім поспехаў у аднаўленні эканомікі", - дадаў ён.Уладзімір Пуцін таксама адзначыў, што палітычны дыялог паміж Беларуссю і Расіяй развіваецца на самым высокім узроўні, пра што сведчаць актыўныя кантакты ў гэтай сферы.
Адзінства ў поглядах Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін прадэманстравалі і ў сваіх заявах для прадстаўнікоў СМІ па выніках перамоваў, на якіх, па словах Прэзідэнта Беларусі, былі абмеркаваны канкрэтныя пытанні ў двухбаковых адносінах, у тым ліку ў эканоміцы, палітыцы, абароне. "Мы сабраліся, каб зрабіць жыццё нашых людзей лепш, нікому не ствараючы праблем. Мы хочам жыць толькі за свой кошт, і Расія, і Беларусь, не ствараючы праблем іншым дзяржавам. І ў гэтым кантэксце мы абмяркоўвалі ўсе пытанні - ад тарыфаў да праектаў па стварэнні сумесNых беларуска-расійскіх прадпрыемстваў, холдынгаў на тэрыторыі Адзінай эканамічнай прасторы", - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.
"Даверлівы дыялог, які склаўся і падтрымліваецца нашымі бакамі, дазваляе дасягаць важкіх вынікаў па ўсёй праграме нашага супрацоўніцтва", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі.
Адной з галоўных тэм на перамовах стала развіццё інтэграцыі ў АЭП з перспектывай фарміравання на яго аснове Еўразійскага эканамічнага саюза. "Тут у Беларусі і Расіі няма ніякіх разыходжанняў. Мне здаецца, што стварэнне Еўразійскага саюза - гэта пытанне часу, якое будзе вырашана ў бліжэйшы час", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.
Беларусь таксама выступае за ідэю "інтэграцыі інтэграцый", якая прадугледжвае стварэнне на платформе Еўрасаюза і АЭП агульнай эканамічнай прасторы ад Лісабона да Уладзівастока. "Думаю, з улікам працэсаў, якія адбываюцца апошнім часам, не так ужо далёкая гэтая мэта, якую мы паставілі перад сабой", - заўважыў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў асаблівую важнасць і значэнне візіту Уладзіміра Пуціна ў Беларусь. "Гэты візіт важнейшы за многія эканамічныя дамоўленасці Беларусі з Расіяй, а таксама з іншымі дзяржавамі. Гэта сігнал да таго, што ў нас вялікая будучыня. Што тычыцца Беларусі, мы з годнасцю пройдзем гэты шлях", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Па словах Прэзідэнта Расіі, сустрэча была дзелавой, канкрэтнай і прадметнай: "Яна была максімальна адкрытай, мы гаварылі як калегі, як сябры, таварышы, па ўсіх пытаннях, праблемах, якія цікавяць як Беларусь, так і Расію ў кантэксце нашых інтэграцыйных намаганняў і ў двухбаковым плане"."Сам факт майго першага замежнага візіту ў брацкую Беларусь, безумоўна, адлюстроўвае асаблівы характар нашых адносін. Наша сустрэча з Аляксандрам Рыгоравічам яшчэ раз даказала ўзаемную гатоўнасць развіваць і напаўняць нашы адносіны новым зместам", - падкрэсліў Уладзімір Пуцін.
У ходзе перамоваў дэталёва абмяркоўваліся перспектывы эканамічных сувязяў. Так, прынята рашэнне аб выдзяленні Беларусі чарговага, трэцяга транша крэдыту з Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС, і будуць пачаты перамовы аб выдзяленні чацвёртага транша. "Мы з задавальненнем канстатавалі, што гэта своечасова, мэтазгодна і магчыма зрабіць, улічваючы пазітыўную дынаміку, якую набірае беларуская эканоміка. І аб'ёмы таваразвароту таксама пра гэта гавораць", - адзначыў Прэзідэнт Расіі.
Сур'ёзная аддача чакаецца ад рэалізацыі сумесных праектаў у сферы энергетыкі, машынабудавання і перадавых тэхналогій. У гэтым кантэксце асаблівае значэнне надаецца праекту па будаўніцтве беларускай АЭС, які мае ўсе шансы стаць найбуйнейшым і найсучаснейшым праектам у гісторыі двухбаковых адносін.
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін таксама разгледзелі перспектыўныя напрамкі інвестыцыйнага ўзаемадзеяння, абмеркавалі пытанні стварэння холдынгу "РасБелАўта" на базе актываў КамАЗа і МАЗа. "Упэўнены, што, калі мы дамовімся, гэта будзе вельмі добрым прыкладам для іншых галін рэальнай эканомікі", - адзначыў Уладзімір Пуцін.
Значная ўвага была нададзена ўзаемадзеянню ў рэгіянальных аб'яднаннях на прасторы СНД у святле юбілейных сесій Савета калектыўнай бяспекі АДКБ і нефармальнага саміту Садружнасці, якія адбыліся два тыдні таму ў Маскве.
"Перакананы, што ў расійска-беларускіх адносін вялікая будучыня, - падкрэсліў Прэзідэнт Расіі. - Па меры паглыблення інтэграцыйных працэсаў адзінства нашых краін будзе толькі мацнець, адкрываючы магчымасці для вырашэння доўгатэрміновых і бягучых задач".
Вынікам перамоваў таксама стала прыняцце сумеснай заявы прэзідэнтаў Беларусі і Расіі, у якой яны адзначылі стратэгічны характар адносін паміж дзвюма краінамі і ўзаемнае імкненне да ўмацавання доўгатэрміновага узаемавыгаднага супрацоўніцтва ў розных сферах. Уладзімір Пуцін выказаў удзячнасць Аляксандру Лукашэнку і беларускаму народу за аказаны цёплы прыём і гасціннасць і запрасіў Прэзідэнта Беларусі наведаць Расійскай Федэрацыю з афіцыйным візітам у зручны для яго час.Увечары 31 мая адбыўся афіцыйны абед ад імя Аляксандра Лукашэнкі на гонар Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. На ім кіраўнікі дзяржаў працягнулі абмеркаванне важных пытанняў двухбаковай і міжнароднай парадку дня.-0-
БЕЛТА