18 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Расія маюць намер прасоўваць праект саюзнага будаўніцтва. Аб гэтым 18 ліпеня заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы ў Мінску са старшынёй урада Расійскай Федэрацыі Дзмітрыем Мядзведзевым, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе кіраўніка беларускай дзяржавы. Прывітаўшы Дзмітрыя Мядзведзева, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што "ёсць пра што пагаварыць, ёсць праблемы і пытанні стратэгічнага характару, якія трэба абмеркаваць". "Вельмі важна, што вы пачынаеце сваё старое новае жыццё ў палітыцы з Беларусі, з правядзення вельмі важнага мерапрыемства (пасяджэнне Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы). Гэта сведчыць аб тым, што інтэграцыйным працэсам мы ўдзялялі і будзем удзяляць увагу. І вось гэтаму ядру, нашаму галоўнаму праекту Саюзнай дзяржавы мы будзем удзяляць не толькі ўвагу, але і прасоўваць яго", - сказаў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што беларускі бок гатовы да размовы па ўсіх пытаннях, у тым ліку саюзнага будаўніцтва, яго перспектыў, а таксама сферы абароны, фінансаў. "І з улікам тых неспрыяльных тэндэнцый, якія насоўваюцца на нас з вамі не то з Захаду, не то з Поўдня - з усіх канцоў. Ёсць маса праблем, якія трэба было б і ўзгадніць", - дадаў кіраўнік беларускай дзяржавы. У сваю чаргу Дзмітрый Мядзведзеў канстатаваў, што беларуска-расійскія адносіны выйшлі на зусім іншы ўзровень стратэгічнага партнёрства. "За апошні год, можа, крыху больш, мы прайшлі вельмі важны шлях і выйшлі на зусім іншы ўзровень стратэгічнага партнёрства, які не можа не радаваць нас у Расіі, і спадзяюся, у Беларусі такія ж настроі", - сказаў кіраўнік расійскага ўрада. Па словах Дзмітрыя Мядзведзева, аб актыўным супрацоўніцтве дзвюх краін сведчаць канкрэтныя лічбы: "Гандлёвы абарот паміж нашымі краінамі выйшаў на беспрэцэдэнтны ўзровень. Такога гандлёвага абароту ніколі не было. Гэта вынік і сумеснай дзейнасці, і інтэграцыйных працэсаў у рамках Саюзнай дзяржавы і Мытнага саюза". Аб'ём узаемнага гандлю Беларусі і Расіі за студзень-май 2012 года перавысіў $19 млрд. і склаў 125,1% да ўзроўню аналагічнага перыяду мінулага года. На долю Расіі ў гэты час прыпадала амаль 47% агульнага аб'ёму знешняга гандлю Беларусі. У студзені-маі 2012 года экспарт ажыццяўляўся па 945 найменнях тавараў замест 905 у аналагічным перыядзе 2011 года.