20 снежня, Мінск /Лілія Крапіўная - БЕЛТА/. Беларусь і Расія падпісалі балансы паліўна-энергетычных рэсурсаў на 2012 год, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік міністра эканомікі Беларусі Анатоль Філонаў. "Балансы падпісаны на мінулым тыдні, - сказаў Анатоль Філонаў. - Прадугледжваюцца тыя аб'ёмы, якія неабходны для нармальнай працы прамысловасці, паліўна-энергетычнага комплексу". Беларусь атрымае паліўна-энергетычныя рэсурсы ў тых аб'ёмах, у якіх зацікаўлена, падкрэсліў намеснік міністра. Акрамя таго, прадугледжваецца павелічэнне аб'ёмаў прапампоўкі нафты па трубаправодным транспарце. "Аб'ёмы будуць павялічаны ў параўнанні з мінулым годам, - удакладніў Анатоль Філонаў. - У гэтым годзе было 18 млн.т, у наступным будзе 21,5 млн.т". Прадугледжаны таксама імпарт нафтапрадуктаў з Расіі ў Беларусь для выкарыстання ў экспартаарыентаваных хімічных вытворчасцях. Будуць ажыццяўляцца сустрэчныя пастаўкі на тэрыторыю Расіі беларускіх высакаякасных бензінаў, дызпаліва і паліва для авіяцыі. "У прынцыпе тая задача, якую ставіла перад сабой Міністэрства эканомікі па балансах, выканана", - канстатаваў намеснік міністра. Пры гэтым ён падкрэсліў, што ў гэтым годзе балансы падпісаны раней звычайнага. Раней гэта адбывалася на пачатку года, цяпер гэта зроблена загадзя. Анатоль Філонаў удакладніў, што балансы падпісалі эксперты рабочых груп, з беларускага боку - Міністэрства эканомікі, з расійскага - Мінэнерга і Мінэканамразвіцця. У далейшым балансы ПЭР звычайна зацвярджаюцца на саюзным Саўміне.-0-

БЕЛТА