26 ліпеня, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Беларусь і Сірыя могуць значна прасунуцца ў палітычнай і гандлёва-эканамічнай сферах. Пра гэта заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на сустрэчы з Прэзідэнтам Сірыі Башарам Асадам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Апошнім часам мы значна прасунуліся ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай сферах у нашых адносінах. Але гэта амаль нішто ў параўнанні з тым, што мы можам зрабіць сёння", - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Ён звярнуў увагу на падабенства поглядаў Беларусі і Сірыі на сусветны парадак і лічыць, што краіны сёння могуць зрабіць вельмі многае. "Хачу, каб вы ў выніку гэтага візіту пазнаёміліся з нашай краінай, убачылі яе магчымасці. Усё, што вы захочаце, мы гатовы рабіць у Сірыі", - падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы, звяртаючыся да калегі. Ён пацвердзіў зацікаўленасць Беларусі ў пашырэнні супрацоўніцтва з Сірыяй па многіх напрамках.
"Мы хацелі б ведаць дасканала магчымасці Сірыі, і, калі Сірыя зацікаўлена па нейкіх напрамках супрацоўнічаць з Беларуссю, вы можаце быць упэўнены, што мы таксама зробім усё", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. "Вы - нашы сябры. З сябрамі мы ўмеем будаваць адносіны і гатовыя зрабіць усё, што вы пажадаеце", - падкрэсліў ён.
Беларускі лідар адзначыў, што з вялікім задавальненнем успамінае свае візіты ў Сірыю і сустрэчы з папярэднім Прэзідэнтам гэтай краіны Хафезам Асадам: "Маім першым сябрам у мусульманскім свеце і наогул на Усходзе быў Хафез Асад. Да гэтага часу памятаю праведзены з ім час. Ён мне многае расказаў, што адбывалася ў тым свеце, узаемаадносінах паміж СССР і краінамі Усходу. Я гэта ўспамінаю з асаблівай цеплынёй, таму што для мяне, маладога палітыка, быў прапанаваны сапраўдны палітычны ўрок. У выніку гэтага я на многія рэчы паглядзеў іншымі вачыма".
Аляксандр Лукашэнка з задавальненнем канстатаваў усталяваныя сяброўскія адносіны паміж дзвюма краінамі. "Пры наведванні Сірыі ў мяне склаліся самыя добрыя ўражанні аб вашай дзяржаве. Я гэта кажу не таму, што гэта трэба сказаць па пратаколе. Я сапраўды люблю вашу краіну, хоць яна вельмі адрозніваецца ад маёй Беларусі. Мне здалося, што там жыве вельмі добры і свабодалюбівы народ", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.
БЕЛТА
Беларусь і Сірыя могуць значна прасунуцца ў палітычнай і гандлёва-эканамічнай сферах - А.Лукашэнка
26.7.20100 праглядаў