26 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Сірыя выходзяць на ўзровень прамысловай кааперацыі. Аб гэтым у інтэрв'ю сірыйскай газеце "Аль-Ватан" заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Асаблівы прагрэс у супрацоўніцтве паміж дзвюма краінамі, па словах Аляксандра Лукашэнкі, за мінулы час дасягнуты ў эканамічнай сферы. Сірыя стала адным з асноўных рынкаў збыту беларускіх грузавых аўтамабіляў у далёкім замежжы. З 2001 года на сірыйскім рынку рэалізавана каля 5 тыс. аўтамабіляў МАЗ. Беларусь пачала пастаўляць у Сірыю метал, прыборы і абсталяванне, шыны, штучныя валокны, сухое малако і іншую прадукцыю. У сваю чаргу Беларусь стала імпартаваць з Сірыі, нароўні з традыцыйнай пладаагародніннай прадукцыяй і тэкстылем, фасфаты і алюмініевую стужку.
Цяпер бакі прыступілі да прапрацоўкі шэрагу важных для абедзвюх краін праектаў у сферы машынабудавання. Гаворка ідзе аб стварэнні па беларускіх тэхналогіях зборачных вытворчасцей грузавікоў, аўтобусаў, іншай тэхнікі, экспарт якой мог бы быць наладжаны і ў суседнія краіны рэгіёна.
"Іншымі словамі, мы ўжо выходзім на ўзровень прамысловай кааперацыі, што яшчэ больш збліжае нашы краіны. Рэалізацыя гэтых праектаў выходзіць за рамкі простых камерцыйных здзелак, патрабуе пошуку ўзаемных кампрамісаў і нестандартных рашэнняў. Своеасаблівымі бар'ерамі на шляху развіцця двухбаковага супрацоўніцтва, на мой погляд, з'яўляюцца неабходнасць аптымізацыі гандлёвых шляхоў, якая дазволіць знізіць кошт дастаўкі тавараў, а таксама удасканаленне гандлёвага заканадаўства ў мэтах забеспячэння большага аб'ёму ўзаемных гандлёвых ільгот і прэферэнцый і некаторыя пытанні мытнага рэгулявання. Але ўсё гэта цалкам пераадольна. Галоўнае - у нас ёсць імкненне да гэтага", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
БЕЛТА
Беларусь і Сірыя выходзяць на ўзровень прамысловай кааперацыі - А.Лукашэнка
26.7.20100 праглядаў