27 красавіка, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Беларусь і Туркменістан маюць намер задзейнічаць новыя формы эканамічнага супрацоўніцтва, у тым ліку рэалізацыю супольных прамысловых і інфраструктурных праектаў з прыцягненнем інвестыцый і ўкараненнем сучасных тэхналогій. Пра гэта гаворыцца ў беларуска-туркменскім камуніке, якое сёння па выніках перамоваў, што адбыліся ў Мінску, падпісалі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Беларусь і Туркменістан адзначылі важнасць супольных намаганняў па выкананні ўзаемных абавязацельстваў у дачыненні да праекта будаўніцтва горна-абагачальнага камбіната па выпуску калійных угнаенняў на базе Гарлыкскага радовішча калійных соляў. Бакі выказалі ўзаемную зацікаўленасць у развіцці навукова-тэхнічнага і інавацыйнага супрацоўніцтва, якое з'яўляецца важным фактарам паступальнага эканамічнага росту дзвюх краін. Кіраўнікі дзяржаў дамовіліся аб выпрацоўцы супольных мерапрыемстваў па ўзаемадзеянні ў навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай сферах. Таксама адзначана перспектыўнасць развіцця сувязяў у галіне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, у сувязі з чым дасягнута дамоўленасць аб правядзенні ў Ашхабадзе сёлета беларуска-туркменскага бізнес-семінара ў гэтай сферы. На думку бакоў, умацаванню ўзаемаразумення і даверу спрыяюць і культурныя сувязі, якія таксама будуць пашырацца. -0-

БЕЛТА