Беларусь і Туркменістан будуюць адносіны на прынцыпах стратэгічнага партнёрства і саюзніцтва - А.Лукашэнка
28.4.20110 праглядаў
28 красавіка, Ашхабад /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Беларусь і Туркменістан будуюць адносіны на прынцыпах стратэгічнага партнёрства і саюзніцтва. Аб гэтым заявіў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Прэзідэнтам Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедавым у пашыраным фармаце, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Лічу надзвычай важным тое, што ўсе апошнія гады узаемавыгадныя і раўнапраўныя адносіны паміж нашымі дзяржавамі развіваюцца. Мы выйшлі на ўзровень стратэгічнага партнёрства і, што больш важна, саюзніцкіх адносін", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў, што краінамі вызначаны прыярытэтныя напрамкі двухбаковага супрацоўніцтва: гэта гандаль, сельская гаспадарка, будаўніцтва горназдабыўнога камбіната па выпуску калійных угнаенняў.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што праект, прадстаўлены беларускімі спецыялістамі, дазволіць забяспечыць комплексную распрацоўку Гарыцкага радовішча на аснове самых перадавых тэхналогій. Валодаючы багатым вопытам здабычы і рэалізацыі калійных угнаенняў, Беларусь бачыць перспектывы і экспартны патэнцыял гэтага праекта. Пры гэтым Беларусь не глядзіць на Туркменістан як на канкурэнта на сусветных рынках, а бачыць у гэтай краіне надзейнага партнёра.
Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу і на надзейнасць беларускай тэхнікі, якая паспяхова працуе ва ўсіх рэгіёнах Туркменістана. Ён пацвердзіў, што Беларусь у гэтым годзе гатова падвоіць пастаўкі тэхнікі ў Туркменістан.
Беларусь таксама гатова дзяліцца назапашаным вопытам у вядзенні сельскай гаспадаркі. Кіраўнік беларускай дзяржавы падкрэсліў, што тут будучыня за тэхналогіямі і механізацыяй, прымяненнем інтэнсіўных форм і метадаў арганізацыі вытворчасці.
"Сёння я маю магчымасць зноў пераканацца ў імкненні туркменскага кіраўніцтва пашыраць стратэгічнае ўзаемадзеянне з Беларуссю", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Гаворачы аб узаемадзеянні Беларусі і Туркменістана на міжнароднай арэне, беларускі лідар запэўніў, што Беларусь заўсёды гатова падставіць плячо Туркменістану ў любой сітуацыі. Ён таксама падкрэсліў, што Беларусь ніколі не хілілася па кан'юнктурных меркаваннях.
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў вялікія поспехі Туркменістана ў развіцці за апошнія гады. "Галоўнае дасягненне, што вы змаглі забяспечыць незалежнасць Туркменістана не на словах, а на справе і існаваць, нягледзячы на капрызы сучаснага свету. Вы забяспечылі фундамент незалежнага Туркменістана. Гэта найвялікшая заслуга вас і вашых калег", - сказаў беларускі лідар, звяртаючыся да свайго туркменскага калегі.
Прэзідэнт Беларусі пажадаў здароўя і працвітання туркменскаму народу. "Хачу, каб ваш прэзідэнцкі тэрмін доўжыўся прынамсі столькі, колькі я буду працаваць, паколькі мне з вамі вельмі камфортна працаваць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Мы на свае вочы бачым плады незалежнага Туркменістана. Памятайце, што ў Беларусі дружалюбны вам народ, які гатовы рэалізаваць любыя вашы пажаданні, - адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы. - Мы з максімальнай адкрытасцю выбудоўваем адносіны. Усім, што вы ўбачыце карыснага ў Беларусі, мы гатовыя падзяліцца з вамі".-0-
БЕЛТА