5 ліпеня, Мінск /Таццяна Чумакова - БЕЛТА/. Беларусь і Сусветны банк падпісалі пагадненне аб выдзяленні пазыкі $42,5 млн. і гранта Глабальнага экалагічнага фонду ў $5,5 млн. на рэалізацыю ў Беларусі комплекснага праекта па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Як распавёў пастаянны прадстаўнік Сусветнага банка ў Беларусі Іван Велеў, праект складаецца з дзвюх частак. Першая частка прадугледжвае абыходжанне з цвёрдымі камунальнымі адходамі, другая - абыходжанне са ўстойлівымі арганічнымі забруджвальнікамі (УАЗ). На рэалізацыю першай часткі праекта пойдзе $42,5 млн., на рэалізацыю другой часткі - $5,5 млн. Перыяд пагашэння пазыкі складае 15 гадоў з адтэрміноўкай пачатку пагашэння на 5 гадоў. Комплексны праект прадугледжвае будаўніцтва смеццеперапрацоўчага завода ў Гродне з прапускной здольнасцю 120 тыс. т у год, адзначыў міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі Уладзімір Белахвостаў. Увод у эксплуатацыю завода адбудзецца да 2014 года. "Я ўпершыню падпісаў пагадненне на такіх выгадных умовах", - адзначыў Уладзімір Белахвостаў. Ён таксама падкрэсліў, што спадзяецца на рэалізацыю другой стадыі праекта па рабоце смеццеперапрацоўчага завода пасля 2014 года, калі "будзе дасягнута 100% утылізацыя шкодных рэчываў". Другая стадыя праекта прадугледжвае "перапрацоўку балласта, які нельга выкарыстоўваць для другаснай вытворчасці". Смеццеперапрацоўчы завод будзе будаваць кампанія, якая перамагла ў праводзімым цяпер тэндары, вынікі якога будуць вядомыя да верасня. На магчымасць будаўніцтва завода прэтэндуюць кампаніі з Германіі, Швецыі, Францыі і Даніі. У выніку рэалізацыі комплекснага праекта плануецца вывезці "каля 1 тыс. 50 т пестыцыдаў са Слоніма, 840 т абсталявання з утрыманнем УАЗ", - адзначыў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі Уладзімір Цалко. У Беларусі ў цяперашні час знаходзіцца каля 8 тыс. т пестыцыдаў, якія падлягаюць знішчэнню. Беларусь стала членам Сусветнага банка ў 1992 годзе. За гэты час краіне ў агульнай суме было выдзелена $685 млн. на рэалізацыю 10 праектаў. Каля трыццаці нацыянальных праграм атрымалі грантавую падтрымку на агульную суму $24 млн. У цяперашні час Беларусь выкарыстоўвае сродкі Сусветнага банка для фінансавання пяці праектаў па развіцці інфраструктуры.-0-

БЕЛТА