29 лістапада, Ханой /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. Беларусь і В'етнам заключылі сёння пакет новых пагадненняў аб развіцці двухбаковага супрацоўніцтва. Дакументы падпісаны па выніках перамоваў прэм'ер-міністра Беларусі Міхаіла Мясніковіча з прэм'ер-міністрам В'етнама Нгуен Тан Зунгам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Падпісана міжурадавае пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы адукацыі, міжурадавае пагадненне аб часовым працаўладкаванні грамадзян. Акрамя гэтага, заключаны шэраг міждзяржаўных пагадненняў, у тым ліку паміж міністэрствамі юстыцыі Беларусі і В'етнама аб супрацоўніцтве ў галіне судовай экспертызы. Падпісаны мемарандум аб узаемаразуменні паміж ДМК Беларусі і Галоўным мытным упраўленнем Мінфіна В'етнама па пытаннях супрацоўніцтва пры абмене данымі мытнай статыстыкі двухбаковага гандлю.
Заключаны новыя кантракты на пастаўку ў В'етнам калійных угнаенняў. Падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве Мінскага аўтамабільнага завода, Мінскага маторнага завода і в'етнамскай кампаніі "Веам", мемарандум аб супрацоўніцтве паміж Мінскім маторным заводам і в'етнамскімі кампаніямі "Веам" і "Дзісока".
Як падкрэсліў на брыфінгу прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч, падпісаныя дакументы будуць спрыяць больш цеснаму развіццю кантактаў паміж краінамі. "Пагадненні і кантракты МАЗа, Мінскага маторнага завода, Беларускай калійнай кампаніі, "Белгархімпрама" гавораць аб тым, што мы ідзем правільным шляхам", - сказаў кіраўнік беларускага ўрада.-0-
БЕЛТА
Беларусь і В'етнам падпісалі новыя пагадненні аб супрацоўніцтве
29.11.20110 праглядаў