22 ліпеня, Мінск /Вольга Бяляўская - БЕЛТА/. Беларусь мае перадумовы для далейшага зніжэння стаўкі рэфінансавання. Пра гэта заявіла сёння на прэс-канферэнцыі старшыня праўлення ААТ "АСБ "Беларусбанк" Надзея Ермакова, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Стаўка рэфінансавання ў краіне будзе зніжацца, для гэтага ёсць перадумовы", - сказала Надзея Ермакова.
Для эканомікі краіны сёння асаблівае значэнне маюць інвестыцыйныя праекты. Беларусбанк актыўна садзейнічае іх рэалізацыі. Толькі ў першым паўгоддзі гэтага года на інвестпраекты было накіравана каля Br3,8 трлн. За кошт сродкаў Беларусбанка праводзілася работа па пашырэнні вытворчасцей "Гомсельмаша", МАЗа, МТЗ, арганізацыі субмікроннай вытворчасці на "Інтэграле", абнаўленні рухомага саставу на Беларускай чыгунцы, папаўненні парку сельгастэхнікі. Надзея Ермакова адзначыла, што найбольш буйны праект, які выконваецца пры ўдзеле Беларусбанка, - будаўніцтва цэментных заводаў.
Гаворачы аб падтрымцы сельскай гаспадаркі, кіраўнік Беларусбанка адзначыла, што гэтым у Беларусі ў асноўным займаецца Белаграпрамбанк. У той жа час Беларусбанк пры неабходнасці таксама можа аказаць неабходную дапамогу. "Калі не будзе атрыманы той ураджай, які плануецца, калі будзе патрабавацца наша падтрымка, Беларусбанк падставіць сваё плячо, - сказала яна. - Мы не пакінем ні сельгасвытворчасць, ні нашы перапрацоўваючыя прадпрыемствы адзін на адзін з праблемамі". Надзея Ермакова нагадала, што ў свой час такую падтрымку Беларусбанк аказаў прадпрыемствам цукровай прамысловасці.
БЕЛТА
Беларусь мае перадумовы для далейшага зніжэння стаўкі рэфінансавання - Н.Ермакова
22.7.20100 праглядаў