Беларусь абрана старшынёй Пратакола па праблемах вады і здароўя да Канвенцыі па ахове і выкарыстанні трансгранічных водатокаў і міжнародных азёр, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінздава.
Пятая сесія Нарады бакоў Пратакола праходзіць з 19 па 21 лістапада ў Бялградзе (Сербія). Афіцыйную дэлегацыю Беларусі ўзначальвае намеснік міністра аховы здароўя - галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Наталля Жукава.
Удзельнікі ацанілі прагрэс на шляху да дасягнення Мэт у галіне ўстойлівага развіцця (МУР), якія тычацца сфер водазабеспячэння, санітарыі і аховы здароўя. Правялі стратэгічную дыскусію па існуючых прабелах у рэалізацыі задач, абмеркавалі палітычныя і тэхнічныя аспекты найважнейшых пытанняў для Еўрапейскага рэгіёну. Размова ішла пра такія праблемы, як арганізацыя бяспечнага водазабеспячэння і санітарнага абслугоўвання ва ўмовах змены клімату, забеспячэнне справядлівага доступу да паслуг водазабеспячэння і санітарыі, актуальныя пагрозы для здароўя, звязаныя з вадой, напрыклад, успышкі легіянелёзу і ўстойлівасць да процімікробных прэпаратаў.
На пасяджэнні Беларусь была абрана старшынёй Нарады бакоў Пратакола на 2020-2022 гады, прыняўшы старшынства ад Сербіі. Кандыдатуру краіны ўхвалілі ўсе ўдзельнікі нарады.
Старшынства Беларусі дазволіць увасобіць у жыццё глабальныя ініцыятывы і прынцыповыя рашэнні Пратакола, імкнучыся да паляпшэння здароўя і дабрабыту для ўсіх жыхароў Еўрапейскага рэгіёну шляхам забеспячэння бяспекі водакарыстання і ўстойлівага кіравання воднымі рэсурсамі.
Як адзначыў начальнік аддзела знешніх сувязей Мінздава Анатоль Грушкоўскі, у апошнія гады Беларусь была адной з вядучых краін як у прасоўванні Пратакола на міжнародным, так і ў яго рэалізацыі на нацыянальным узроўні. Паводле даных ПРААН, рэспубліка ўваходзіць у групу краін, насельніцтва якіх мае 100%-ны ўстойлівы доступ да палепшаных крыніц вады (па колькасці, якасці і блізкасці знаходжання крыніц вады).
Наталля Жукава таксама прыняла ўдзел у некалькіх панэльных дыскусіях высокага ўзроўню, правяла сустрэчы з в.а. дырэктара Еўрапейскага бюро САЗ Пірожкай Остлін, выканаўчым сакратаром Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН Вольгай Альгаеравай, прадстаўнікамі дзяржаў - удзельніц нарады па пытаннях развіцця двухбаковага супрацоўніцтва ў галіне аховы здароўя.