24 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь да 2015 года павінна выйсці на ўзровень інфляцыі не вышэй за 5-6%. Гэта прадугледжана Праграмай дзейнасці ўрада на 2011-2015 гады, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Акрамя таго, у частцы правядзення грашова-крэдытнай палітыкі асноўнымі задачамі вызначаны забеспячэнне ўстойлівасці нацыянальнай фінансавай і грашова-крэдытнай сістэмы, нарошчванне грашовай прапановы (эмісіі) з улікам захавання мэтавых параметраў узроўню інфляцыі і зададзенага валютнага калідора; павышэнне ўстойлівасці банкаўскай сістэмы, зніжэнне долі праблемных актываў банкаў у актывах, падвергнутых крэдытнаму рызыку, да ўзроўню не больш за 4%.
У бягучай пяцігодцы таксама прадугледжваецца зніжэнне працэнтнай стаўкі па крэдытах за кошт памяншэння да канца 2015 года стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка да 6-8% гадавых.
Прывязка абменнага курса беларускага рубля да кошыка замежных валют у межах устаноўленага калідора будзе захавана, але будзе ажыццяўляцца паступовы пераход да больш гнуткага фарміравання абменнага курса па меры павышэння ўнутранай і знешняй збалансаванасці эканомікі.
Фарміраванне золатавалютных рэзерваў будзе праводзіцца на ўзроўні, які забяспечвае эканамічную бяспеку краіны, – не менш за 3-месячны аб'ём імпарту.
Акрамя таго, у адпаведнасці з Праграмай неабходна забяспечыць уваходжанне Беларусі ў лік 30 перадавых краін па паказчыках міжнародных рэйтынгаў, якія характарызуюць развіццё банкаўскага сектара, сістэмы крэдытавання і ажыццяўлення разлікаў, эфектыўнасць грашова-крэдытнай палітыкі.
Вырашэнне названых задач будзе ажыццяўляцца ў межах сваёй кампетэнцыі Нацыянальным банкам, Міністэрствам эканомікі, Міністэрствам фінансаў, іншымі дзяржаўнымі органамі ў адпаведнасці з Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011-2015 гады.-0-
БЕЛТА
Беларусь да 2015 года павінна выйсці на ўзровень інфляцыі не вышэй за 5-6%
24.2.20110 праглядаў