21 жніўня, Мінская вобласць /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Беларусь да канца 2012 года выйдзе на $5 млрд. экспарту сельгаспрадукцыі. Пра гэта далажыў сёння Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку падчас яго рабочай паездкі па Мінскай вобласці віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што за выкананне гэтай задачы адказвае Міхаіл Русы. "Па палях будуць хадзіць губернатары, за методыку адказныя міністры. А вы павінны заняцца кантролем гэтых працэсаў і гандлем, дзе ў нас яшчэ шмат праблем. Мы ўмеем вырабіць, захаваць, а вось прадаваць яшчэ не навучыліся", - сказаў Прэзідэнт. Як было адзначана, Беларусь пашырае геаграфію паставак, у прыватнасці, жывёлагадоўчай прадукцыі. Так, першыя буйныя пастаўкі накіраваны ў Кітай, Японію, В'етнам. Гэта значыць, Беларусь паступова выходзіць на тыя рынкі, дзе традыцыйна працавала Новая Зеландыя. Акрамя таго, усё больш арыентацыя ідзе на пастаўкі ўжо гатовай прадукцыі. У сувязі з гэтым Беларусь выходзіць на продажы прадукцыі гандлёвым кампаніям, мінуючы пасярэднікаў. "Мы разлічваем выйсці па выніках гэтага года на $5 млрд. рэалізацыі сельгаспрадукцыі на экспарт", - адзначыў Міхаіл Русы.-0-

БЕЛТА