21 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь, Казахстан і Расія пераходзяць да наступнага этапу інтэграцыйнага будаўніцтва – Адзінай эканамічнай прасторы. Пра гэта заявілі 18 лістапада прэзідэнты трох краін Аляксандр Лукашэнка, Дзмітрый Мядзведзеў і Нурсултан Назарбаеў, падпісаўшы па выніках сустрэчы ў Маскве Дэкларацыю аб еўразійскай эканамічнай інтэграцыі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара. У дакуменце адзначаецца, што далейшае развіццё інтэграцыі трох краін адпавядае іх нацыянальным інтарэсам, спрыяе вырашэнню агульных задач па павышэнні дабрабыту і якасці жыцця грамадзян, устойліваму сацыяльна-эканамічнаму развіццю, усебаковай мадэрнізацыі і ўзмацненню нацыянальнай канкурэнтаздольнасці ў рамках глабальнай эканомікі. У адпаведнасці з дэкларацыяй АЭП грунтуецца на прынцыпах захавання агульнапрызнаных нормаў міжнароднага права, уключаючы павагу да суверэнітэту і роўнасць дзяржаў, сцвярджэнне асноватворных правоў і свабод чалавека, прававой дзяржавы і рынкавай эканомікі. У сваім практычным супрацоўніцтве дзяржавы АЭП маюць намер кіравацца нормамі і правіламі Сусветнай гандлёвай арганізацыі. У дэкларацыі пацвярджаецца важнасць далучэння да яе ўсіх трох дзяржаў. У дакуменце ўлічана прапанова Беларусі аб магчымым стварэнні сумес ​​ных транснацыянальных карпарацый для паглыблення вытворчай кааперацыі. У дэкларацыю ўключана таксама прапанова беларускага боку аб імкненні да далейшага ўмацавання ўсебаковага ўзаемнавыгаднага і раўнапраўнага супрацоўніцтва Мытнага саюза і АЭП з іншымі краінамі, міжнароднымі інтэграцыйнымі аб'яднаннямі, уключаючы Еўрапейскі саюз, з выхадам на стварэнне агульнай эканамічнай прасторы. Акрамя таго, у дэкларацыі канстатуецца імкненне бакоў да завяршэння да 1 студзеня 2015 года кадыфікацыі міжнародных дагавораў, якія складаюць нарматыўна-прававую базу Мытнага саюза і АЭП, і да стварэння на гэтай аснове Еўразійскага эканамічнага саюза. Таксама адзначаецца, што АЭП будзе адкрыта для далучэння іншых дзяржаў, якія падзяляюць мэты і прынцыпы саюза і гатовыя да іх рэалізацыі.