11 мая, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Беларуска-латвійскі трансгранічны праект "Бела Дзвіна" атрымаў працяг і ўключыў рэгіён Літвы, распавёў карэспандэнту БЕЛТА спецыяліст па турызме праекта "Бела Дзвіна 2" Ігар Загрэкаў. На тэрыторыі Беларусі, Латвіі і Літвы пачалася рэалізацыя праекта "Бела Дзвіна 2: Умацаванне магчымасцей турыстычнага развіцця ў трансгранічным рэгіёне Латгале-Уцяна-Віцебск", які закліканы садзейнічаць развіццю турызму ў рэгіёнах - удзельніках праекта. "Бела Дзвіна 2" з'яўляецца працягам праекта ЕС "Бела Дзвіна - Перасякаючы межы, адкрываючы культуру, атрымліваючы асалоду ад прыроды рэгіёну Заходняй Дзвіны/Даугавы", які рэалізоўваўся на тэрыторыі Віцебскай вобласці і Латгальскага рэгіёну ў Латвіі ў 2008-2010 гадах. У другой частцы праекта да беларускіх і латвійскіх партнёраў далучыўся літоўскі рэгіён Аўкштайція, а тэрыторыя праекта цяпер ахоплівае два трансгранічныя турыстычныя рэгіёны - Бела Дзвіна і Балтыйскі азёрны край. Мерапрыемствы праекта, працягласць якога складае два гады, накіраваны на рэалізацыю агульнай маркетынгавай кампаніі трансгранічных рэгіёнаў, умацаванне магчымасцей турысцка-інфармацыйных цэнтраў і спецыялістаў турыстычнага сектара, правядзенне сумеснх турыстычных мерапрыемстваў і падтрымку турыстычнай інфраструктуры. Будуць распрацаваны новыя трансгранічныя турыстычныя маршруты, праведзены турыстычныя фестывалі і форумы, а таксама выпушчаны сумесныя брашуры, карты і буклеты. Гэтыя і іншыя матэрыялы будуць распаўсюджаны на міжнародных турыстычных выстаўках у Латвіі, Літве, Беларусі і Расіі, дзе трансгранічны беларуска-латвійска-літоўскі рэгіён будзе прадстаўлены на сумесным стэндзе. Праектам таксама прадугледжваецца добраўпарадкаванне пляжаў на рэках і азёрах у партнёрскіх рэгіёнах, устаноўка турыстычных указальнікаў, білбордаў, дарожных знакаў. Спецыялісты па турызме і пастаўшчыкі турыстычных паслуг пройдуць сумесную падрыхтоўку. Для турысцка-інфармацыйных цэнтраў у партнёрскіх рэгіёнах будзе закуплена абсталяванне, што дазволіць палепшыць якасць прадастаўлення турыстычных паслуг у Віцебскай вобласці, Латгаліі і Аўкштайціі.