15 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Незалежная арганізацыя Save the Children апублікавала вынікі даследавання становішча жанчын і дзяцей у 173 краінах свету, паведамляюць інфармагенцтвы. Нарвегія лідзіруе ў рэйтынгу краін, дзе лепш за ўсё быць мамай. На другім месцы - Аўстралія, на трэцім - Ісландыя і Швецыя. Беларусь знаходзіцца на 33-м месцы сярод развітых краін. З краін СНД яна займае самую высокую пазіцыю (у Расіі - 38-е месца, ва Украіны - 39-е), а з краін былога СССР Беларусь абышлі толькі Эстонія (17-е месца), Літва (22-е) і Латвія (25-е). Апошняе месца рэйтынгу заняў Афганістан. Пры складанні рэйтынгу мацярынства даследчыкі ўлічвалі комплекс фактараў, якія ўплываюць на становішча жанчыны і дзіцяці ў краіне. Ацэнка становішча жанчыны праводзілася па такіх крытэрыях, як здароўе (рызыка смерці пры цяжарнасці і родах, прымяненне сучасных метадаў кантрацэпцыі, працягласць жыцця жанчын), адукацыя (колькасць гадоў, якія жанчына прысвячае адукацыі), а таксама эканамічныя фактары (працягласць адпачынку па цяжарнасці і родах і догляду за дзіцем, працэнт заробку, які выплачваецца жанчыне ў гэты перыяд, розніца ў даходах паміж мужчынамі і жанчынамі). Улічваўся і палітычны фактар (колькасць жанчын у структурах дзяржаўнага кіравання). А пры вывучэнні становішча дзяцей улічваліся ўзровень смяротнасці дзяцей да 5 гадоў, а таксама працэнт дзяцей, якія атрымліваюць базавую і вышэйшую адукацыю. Беларусь у "жаночым рэйтынгу" апынулася на 28-м месцы, а ў "дзіцячым" - на 36-м.-0-

БЕЛТА