17 верасня, Мінск /Андрэй Асфура - БЕЛТА/. Беларусь можа запусціць да 2017 года новы спадарожнік дыстанцыйнага зандавання Зямлі. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам генеральны дырэктар Аб'яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі Аляксандр Тузікаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Паводле яго слоў, тэрмін службы Беларускага касмічнага апарата (БКА), паспяхова запушчанага ў гэтым годзе, складае 5 гадоў. Таму бліжэй да 2017 года Беларусі неабходна будзе распрацаваць новы касмічны апарат дыстанцыйнага зандавання Зямлі. У цяперашні час у Беларусі вядзецца распрацоўка канцэпцыі новай нацыянальнай касмічнай праграмы. У дакуменце плануецца надаць увагу пытанням распрацоўкі і магчымага запуску новага касмічнага апарата дыстанцыйнага зандавання Зямлі. Генеральны дырэктар інстытута адзначыў, што пакуль не вызначаны асноўныя параметры будучага спадарожніка. "Што тычыцца магчымасці выкарыстання больш магутнай аптычнай апаратуры, то ўсё гэта будзе залежаць ад бягучых патрэб. Калі будзе больш магутная оптыка, то спатрэбіцца больш цяжкая платформа і, такім чынам, на выхадзе атрымаем больш дарагі касмічны апарат, - растлумачыў Аляксандр Тузікаў. - Можа, такі буйны касмічны апарат рэспубліцы і не патрэбны". У будучыні сістэму дыстанцыйнага зандавання Зямлі плануецца развіваць у розных напрамках, прадугледжваючы не толькі касмічны, але і авіяцыйны сегмент, які можа атрымаць шырокае развіццё ў сувязі з тэхналогіямі стварэння беспілотных лятальных апаратаў. Запушчаны ў гэтым годзе Беларускі касмічны апарат у цяперашні час праходзіць лётныя выпрабаванні. Намеснік дырэктара па навуковай рабоце РВУП "Геаінфармацыйныя сістэмы" НАН Беларусі Барыс Чарнуха распавёў, што атрыманая са спадарожніка касмічная інфармацыя будзе выкарыстоўвацца ў тым ліку і для патрэб сельскай гаспадаркі. Касмічныя здымкі плануецца апрацоўваць па некаторых актуальных для такіх задач параметрах, прагназаваць ураджай і ажыццяўляць улік сельскагаспадарчых угоддзяў.