Беларусь мае намер за пяць гадоў павялічыць аб'ём прамых замежных інвестыцый да 7 млрд. долараў ЗША ў год.
21.7.20100 праглядаў
21 ліпеня, Мінск /Кацярына Нячаева - БЕЛТА/. Беларусь у 2011-2015 гадах мае намер павялічыць аб'ём прамых замежных інвестыцый да $7 млрд. у год. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Сяргей Сідорскі сёння на пасяджэнні рэспубліканскага аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні чацвёртага Усебеларускага народнага сходу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Па словах прэм'ер-міністра, у праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на наступныя 5 гадоў закладзены найважнейшы паказчык па прыцягненні інвестыцый на чыстай аснове. "Гэты паказчык пастаянна знаходзіцца на ўзроўні $1-1,5 млрд., што, на жаль, недастаткова для эфектыўнага развіцця эканомікі. Мы ўпершыню ўводзім паказчык прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове ў аб'ёме да $7 млрд. штогод", - сказаў Сяргей Сідорскі. Гэта дазволіць у наступныя 5 гадоў забяспечыць тэмп росту рэальных грашовых даходаў насельніцтва 170-176%, у тым ліку "рост сярэднямесячнай заработнай платы да $1 тыс. і павелічэнне пенсій, дапамог і стыпендый", адзначыў прэм'ер.
Меры, намечаныя ў грашова-крэдытнай і бюджэтна-падатковай абласцях, павінны забяспечыць стабілізацыю макраэканамічных умоў: зніжэнне інфляцыі і ўстойлівасць курса беларускага рубля, памяншэнне падатковай нагрузкі і спрашчэнне парадку выплаты падаткаў, збораў і плацяжоў.
Прэм'ер-міністр падкрэсліў, што беларускі ўрад адпрацоўвае сістэму мер па павышэнні міжнароднага рэйтынгу краіны. Так, у наступныя пяць гадоў Беларусь мае намер увайсці ў трыццатку краін свету з найбольш спрыяльнымі ўмовамі вядзення бізнесу, у прыватнасці, перасунуцца са 183-га месца да ўзроўню 30-50-га месца рэйтынгу ў сферы падаткаабкладання.
За кошт актыўнай знешнеэканамічнай палітыкі, імпартазамяшчэння плануецца да 2015 года выйсці на станоўчае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі. Экспарт тавараў павінен вырасці за 5 гадоў не менш чым у два разы.
Закранаючы тэму інвестыцый, Сяргей Сідорскі звярнуў увагу на тое, што калі пры распрацоўцы бягучай пяцігодкі ўрад толькі пачынаў прагаворваць інвестыцыі Беларусі ў іншыя краіны, то цяпер ужо дакладна прапісаны канкрэтныя інвестыцыйныя праекты за мяжой, у тым ліку ў Венесуэле, Іране, у суседніх краінах. Прадугледжваецца таксама развіццё інвесціравання перспектыўных азіяцкага і афрыканскага напрамкаў.
Акрамя праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2011-2015 гады, трэба будзе распрацаваць і канкрэтныя пяцігадовыя праграмы міністэрстваў і ведамстваў. Сяргей Сідорскі асабліва выдзеліў дзяржаўную праграму інавацыйнага развіцця на наступныя 5 гадоў. Паводле яго слоў, фінансаванне навуковых даследаванняў і распрацовак будзе павялічана ў 6,5-7 разоў. "Гэта каласальная задача. Мы дамо ў навуку рэсурсы, якія павінны актыўна, у дзясяткі разоў павялічыцца і перайсці ў рэальную эканоміку краіны", - дадаў ён.
Паводле слоў прэм'ер-міністра, праект асноўных палажэнняў праграмы можа быць прыняты на наступным тыдні, а далей урад прыступіць да падрыхтоўкі самой праграмы.-0-
БЕЛТА