21 ліпеня, Мінск /Кацярына Нячаева - БЕЛТА/. Беларусь у 2011-2015 гадах мае намер павялічыць аб'ём прамых замежных інвестыцый да $7 млрд. у год. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Сяргей Сідорскі сёння на пасяджэнні рэспубліканскага аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні чацвёртага Усебеларускага народнага сходу, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Па словах прэм'ер-міністра, у праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на наступныя 5 гадоў закладзены найважнейшы паказчык па прыцягненні інвестыцый на чыстай аснове. "Гэты паказчык пастаянна знаходзіцца на ўзроўні $1-1,5 млрд., што, на жаль, недастаткова для эфектыўнага развіцця эканомікі. Мы ўпершыню ўводзім паказчык прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове ў аб'ёме да $7 млрд. штогод", - сказаў Сяргей Сідорскі. Гэта дазволіць у наступныя 5 гадоў забяспечыць тэмп росту рэальных грашовых даходаў насельніцтва 170-176%, у тым ліку "рост сярэднямесячнага заробку да $1 тыс. і павелічэнне пенсій, дапамог і стыпендый", адзначыў прэм'ер. Меры, намечаныя ў грашова-крэдытнай і бюджэтна-падатковай абласцях, павінны забяспечыць стабілізацыю макраэканамічных умоў: зніжэнне інфляцыі і ўстойлівасць курса беларускага рубля, памяншэнне падатковай нагрузкі і спрашчэнне парадку выплаты падаткаў, збораў і плацяжоў.