Паводле ацэнкі Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН (ФАО), Беларусь – адна з самых паспяховых краін у свеце па забеспячэнні харчовай бяспекі. Пра гэта заявіў старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў у праграме "Контуры" на тэлеканале АНТ, паведамляе БЕЛТА.
Паводле ацэнкі Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН (ФАО), Беларусь – адна з самых паспяховых краін у свеце па забеспячэнні харчовай бяспекі. Пра гэта заявіў старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў у праграме "Контуры" на тэлеканале АНТ, паведамляе БЕЛТА.
"Ёсць краіны, якія забяспечваюць сваю харчовую бяспеку за кошт імпарту, за кошт высокіх даходаў насельніцтва – у гэтых краін ёсць што прадаваць на сусветным рынку і купляць за гэтыя сродкі харчаванне. Навошта нам купляць харчаванне, калі ў нас спрыяльныя ўмовы для яго вытворчасці? – задаў Уладзімір Гусакоў рытарычнае пытанне. – Безумоўна, для падтрымання нармальнай рынкавай сістэмы і ўзроўню неабходнай канкурэнтаздольнасці пэўная доля імпарту павінна прысутнічаць на рынку харчавання".
Што тычыцца навукова абгрунтаваных нормаў спажывання, то па мясе і мясных прадуктах дасягнуты аптымальны ўзровень, па малацэ і малочных прадуктах – крыху ніжэйшы, па рыбе і рыбапрадуктах – блізка да аптымальнага. "Трэба зрабіць акцэнт на спажыванні морапрадуктаў па навукова абгрунтаваных нормах. Гэта закладзена ў распрацоўваемай нацыянальнай дактрыне харчовай бяспекі", – сказаў старшыня Прэзідыума НАН. Ён дадаў, што аналагічны дакумент прыняты ў Расіі ўжо некалькі гадоў таму.
Самымі актуальнымі пытаннямі ва ўмовах выхаду Беларусі на новы ўзровень харчовай бяспекі з'яўляюцца высокая якасць харчавання, харчовых прадуктаў, запатрабаванасць беларускай прадукцыі на знешніх рынках, а таксама інтэграцыя ў сусветны харчовы рынак. "У Беларусі вырабляецца такі ж асартымент прадукцыі, як і ў іншых краінах – Расіі, Украіне, Польшчы, краінах Балтыі і г.д. Наш шлях – бездакорная якасць беларускай прадукцыі. І мы зрабілі прарыў у гэтым за апошнія гады", – падкрэсліў Уладзімір Гусакоў.