16 лістапада, Мінск /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. Беларусь застаецца плацежаздольнай краінай. Пра гэта паведаміў сёння журналістам у Мінску кіраўнік місіі МВФ у Беларусі Крыс Джарвіс, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Я абсалютна ўпэўнены, што Беларусь - плацежаздольная краіна, - сказаў эксперт. - Узровень яе знешняга доўгу па-ранейшаму застаецца нізкім у параўнанні з іншымі еўрапейскімі краінамі з рынкам, які фарміруецца".
На думку Крыса Джарвіса, тое, што беларускія ўлады спрабуюць атрымаць запазычанні на знешніх рынках, апраўдана. Пры гэтым ён адзначыў, што выпуск Беларуссю еўрааблігацый - адзін з галоўных поспехаў, дасягнутых у гэтым годзе.
У той жа час МВФ падкрэслівае важнасць захавання трываласці базавай эканамічнай палітыкі ў Беларусі. "Важна, каб такая палітыка была трывалай, каб не спадзявацца на знешнія запазычанні бясконца", - дадаў эксперт.
На думку Крыса Джарвіса, першачарговай задачай для Беларусі з'яўляецца скарачэнне дэфіцыту рахунку бягучых аперацый. Для гэтага краіне неабходны добры план, падкрэсліў ён. Па словах эксперта, такія планы беларускія ўлады склалі ў рамках праекта праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на наступную пяцігодку. "Плануецца цалкам ліквідаваць дэфіцыт рахунку бягучых аперацый, і, на нашу думку, гэты план больш амбіцыйны, чым насамрэч неабходны беларускай эканоміцы", - сказаў ён. Пры гэтым эксперт адзначыў, што для дасягнення гэтай мэты таксама павінен быць выбудаваны дакладны план. "І ў гэтым плане ў нас ёсць некаторыя сумненні", - рэзюмаваў ён.-0-
БЕЛТА
Беларусь застаецца плацежаздольнай краінай - МВФ
16.11.20100 праглядаў