13 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь чакае паступлення чацвёртага транша крэдыту Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС да канца 2012 года. Пра гэта паведаміла 12 верасня журналістам старшыня праўлення Нацыянальнага банка Надзея Ермакова, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Чаканні ад перамоваў з Антыкрызісным фондам ЕўрАзЭС наконт чацвёртага транша для Беларусі станоўчыя, адзначыла кіраўнік Нацбанка. "Паказчыкі, якія неабходныя для атрымання гэтага транша, у асноўным выконваюцца", - сказала яна. "Што тычыцца прыватызацыі, гэтае пытанне таксама абмяркоўваецца. Прыватызацыя не павінна быць самамэтай. Прадаць - гэта, напэўна, самы просты варыянт. А што гэта дасць? Таму, калі ўсё астатняе ўрэгулявана і збалансавана, можа, гэтая прыватызацыя сёння і не патрэбна, тая, якую нехта хацеў бы бачыць", - падкрэсліла кіраўнік Нацбанка. "Да канца года чацвёрты транш паступіць. Ва ўсякім выпадку, мы лічым, што ён у нас будзе", - сказала Надзея Ермакова. З улікам гэтага транша плануецца і ўзровень золатавалютных рэзерваў на канец года - $8,2 млрд., дадала яна.-0-

БЕЛТА