27 ліпеня, Мінск /Людміла Сац - БЕЛТА/. Беларусь плануе да 2013 года выйсці на станоўчае сальда знешняга гандлю. Аб гэтым заявіў сёння прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі на пасяджэнні Савета Міністраў, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Па словах Сяргея Сідорскага, па выніках першага паўгоддзя 2010 года якасныя параметры развіцця і збалансаванасці эканомікі палепшыліся. Так, удалося дамагчыся перавышэння тэмпаў росту экспарту тавараў над тэмпамі росту імпарту на 12,9 працэнтнага пункта. У студзені-маі 2010 года адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі склалася на $500 млн. менш, чым за аналагічны перыяд 2009 года. "Гэты паказчык для нас з'яўляецца галоўным. Мы на працягу апошніх 8 месяцаў актыўна займаліся галіновымі і рэгіянальнымі праграмамі, у тым ліку па дасягненні станоўчага сальда да канца 2012 года", - сказаў Сяргей Сідорскі. Ён таксама дадаў: "Калі тэмп скарачэння сальда ($500 млн. кожнае паўгоддзе) будзе захоўвацца і тыя праграмы, якія мы з вамі ўзгаднялі на бягучы і 2011 гады будуць выконвацца, ёсць усе падставы, каб на 1 студзеня 2013 года ў адпаведнасці з параметрамі, якія мы закладваем на будучае пяцігоддзе да 2015 года, выйсці на станоўчае сальда гандлю".

БЕЛТА