23 чэрвеня, Брэст /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Беларусь плануе звярнуцца ў міжнародныя суды з пазовамі з нагоды санкцый Еўрасаюза. Пра гэта сёння, адказваючы на пытанні журналістаў падчас рабочай паездкі ў Брэсцкую вобласць, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Гэта безмазгавая, непрадуманая палітыка", - сказаў Аляксандр Лукашэнка, кажучы пра санкцыі Еўрасаюза ў дачыненні да Беларусі. "Я хачу даручыць сваім юрыстам, у нас дастаткова спецыялістаў, - мы павінны гэту праблему разгледзець юрыдычна праз адпаведныя суды, прад'явіць пазовы тым, хто ўводзіў не толькі эканамічныя санкцыі, але і ў дачыненні да журналістаў", - заявіў кіраўнік дзяржавы. Ён адзначыў, што журналіст выказвае сваю кропку гледжання, сваю пазіцыю. "Якое ты маеш права, дэмакратычная краіна, судзіць журналіста за яго пазіцыю? За што вы сёння асобным журналістам закрылі ўезд у Еўрасаюз?" - задаў пытанне Прэзідэнт. Што тычыцца санкцый у дачыненні да чыноўнікаў, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Прычым тут людзі, якія працуюць ва ўладзе, але наогул не мелі дачынення да выбараў, тым больш да 19 снежня? Да 19 снежня мелі дачыненне максімум пяць чалавек (Прэзідэнт, міністр унутраных спраў і іншыя). Іх і карайце, калі лічыце патрэбным, але прычым тут гэтыя людзі? Якое вы маеце права аб'яўляць няўязнымі суддзяў? Вы ж выступаеце за незалежны суд", - сказаў кіраўнік дзяржавы. "Нашым юрыстам трэба сур'ёзна ўзяцца за гэтае пытанне, і хай тлумачацца - тлумачэнняў у іх аб'ектыўных няма. Калі суд адпаведны, куды мы звернемся, не прыме гэта рашэнне (на карысць Беларусі. - Заўвага. БЕЛТА) - значыць, такі гэта суд на Захадзе. Яны сябе ў гэтым плане загналі ў далёкі кут", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.-0-

БЕЛТА