21 чэрвеня, Мінск /Уладзімір Васількоў - БЕЛТА/. Беларусь плануе разлічыцца за газавы доўг з Расіяй на працягу двух тыдняў. Пра гэта сёння журналістам паведаміў першы віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Пры гэтым беларускі бок выставіў расіянам сустрэчнае патрабаванне: пагасіць доўг за транзіт газу ў $217 млн. Уладзімір Сямашка адзначыў, што перамоўны працэс па газавай тэматыцы з расійскім бокам ідзе ў патрэбным напрамку. Ён падкрэсліў, што ў перамовах з "Газпрамам" выспявае пэўны кампраміс. "Па-першае, нам пагражалі 85-працэнтным абмежаваннем паставак. Але сёння ўведзена абмежаванне толькі 15%. Гэта ўжо можна перажыць і думаць пра тое, як кампенсаваць", - сказаў чыноўнік. Першы віцэ-прэм'ер таксама паведаміў, што ў выніку перамоваў "з'явіўся нейкі пратакол, з якім мы не можам быць згодныя ў тым выглядзе, як ён ёсць. Але важна, што расійскі бок прызнаў, што павінен беларускаму боку $217 млн. за транзіт". "Такім чынам, калі расіяне нам заплацяць $217 млн. за транзіт, то мы гатовыя заплаціць $187 млн. за газ", - растлумачыў Уладзімір Сямашка, удакладніўшы, што хто будзе плаціць першым - не прынцыпова. "Мы не хаваем, што ў Беларусі складана з валютай. І каб увайсці ў рэжым рэальнага часу з аплатай, мы павінны пазычаць валюту, - адзначыў першы віцэ-прэм'ер. - Мы разлічымся. Можа, не сёння, можа, на працягу двух тыдняў знойдзем магчымасць, пазычым, але разлічымся. А яны разлічацца за транзіт". Уладзімір Сямашка дадаў, што беларускі бок "не выйдзе з перамоваў, мы будзем настойваць, пераконваць калег, шукаць кампраміс".