Беларусь плануе праз пэўны час вярнуцца да пытання адкрыцця пасольства ў Швецыі. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей у інтэрв'ю праграме "Галоўны эфір" на тэлеканале "Беларусь 1", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Беларусь плануе праз пэўны час вярнуцца да пытання адкрыцця пасольства ў Швецыі. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей у інтэрв'ю праграме "Галоўны эфір" на тэлеканале "Беларусь 1", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"Крытычная маса кантактаў, якія на працягу апошніх гадоў развіваліся, у выніку прывяла да адкрыцця пасольства Швецыі ў Мінску. І мы плануем праз пэўны час вярнуцца і да пытання адкрыцця нашага пасольства ў Швецыі", - адзначыў Уладзімір Макей. Паводле яго слоў, на пэўным этапе бакі прыйшлі да ўсведамлення, што для таго, каб забяспечыць збліжэнне краін і народаў, трэба весці размову, дыскусію, і гэта павінна адбывацца ў адкрытай і шчырай манеры.

Таксама Уладзімір Макей канстатаваў, што ў сферы міжнародных адносін Беларусь супраць як розных "замарозак", так і занадта "любоўных" адносін. "Таму што часам гарачыя абдымкі могуць прывесці да атрымання траўм, а то і смяротнага зыходу", - растлумачыў ён.

Міністр падкрэсліў, што Беларусь выступае за роўныя, сяброўскія адносіны з усімі без выключэння дзяржавамі.

Паводле слоў Уладзіміра Макея, такой жа пазіцыі Беларусь прытрымлівалася і ва ўзаемаадносінах з Еўрапейскім саюзам: "Мы заўсёды выступалі за дыялог на раўнапраўнай і ўзаемнапаважлівай аснове. І для нас былі непрымальныя санкцыі, шантаж, ціск, пагрозы знешне. Мы катэгарычна выступалі супраць гэтага. Самае жыццё пацвердзіла правільнасць такога падыходу. Рана ці позна прыйшлося прызнаць, што толькі праз дыялог можна вырашыць праблемы, якія існуюць, і забяспечыць паступальны рух наперад".

Навіны Беларусі (БЕЛТА)