21 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь атрымала першы транш крэдыту Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС у суме $800 млн. Сродкі залічаны на рахунак Міністэрства фінансаў Беларусі ў Нацыянальным банку. Пра гэта паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Нацыянальным банку Беларусі. Аўтаматычна яны ўключаюцца ў склад золатавалютных рэзерваў. 9 чэрвеня 2011 года ў Мінску адбылося падпісанне Пагаднення паміж Беларуссю і Еўразійскім банкам развіцця аб прадастаўленні нашай рэспубліцы фінансавага крэдыту са сродкаў Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС. Агульны аб'ём крэдыту - $3 млрд. Пагадненнем прадугледжана паступленне сродкаў у рэспубліку шасцю траншамі на працягу 2011-2013 гадоў. Да канца гэтага года, арыенціровачна ў кастрычніку, чакаецца другі транш. Агульная сума крэдыту ў бягучым годзе складзе $1,24 млрд. Астатняя сума будзе прадастаўляцца роўнымі траншамі два разы на год на працягу наступных двух гадоў (2012-2013 гадоў). Разлікова, плацяжы Беларусі па крэдыце не павінны перавысіць 4,9% гадавых. Крэдыт прадастаўляецца на тэрмін 10 гадоў з мараторыем на пагашэнне асноўнага доўгу 3 гады. Умовы прадастаўлення крэдыту ў максімальнай ступені адпавядаюць стандартным падыходам міжнародных фінансавых арганізацый пры рэалізацыі стабілізацыйных праграм. Атрыманыя сродкі будуць накіраваны на падтрымку распрацаванай урадам і Нацыянальным банкам праграмы мер эканамічнай палітыкі дзяржавы на сярэднетэрміновую перспектыву, гэта значыць на папаўненне міжнародных рэзервовых актываў і фінансаванне дэфіцыту плацежнага балансу Рэспублікі Беларусь.-0-

БЕЛТА