4 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь акажа дапамогу Расіі ў тушэнні пажараў і аднаўленні жылля. Як паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе беларускага ўрада, 4 жніўня адбылася тэлефонная размова прэм'ер-міністра Беларусі Сяргея Сідорскага са старшынёй урада Расіі Уладзімірам Пуціным.
Кіраўнік беларускага ўрада агучыў прапановы беларускага боку аб аказанні дапамогі Расійскай Федэрацыі ў ліквідацыі надзвычайных сітуацый, звязаных з ляснымі пажарамі, а таксама аднаўленні страчанага ў агні жылля.
Прэм'ер-міністр Расіі Уладзімір Пуцін выказаў удзячнасць кіраўніцтву Беларусі за прапанаваную дапамогу ў складанай сітуацыі.
Як растлумачылі ў прэс-службе, беларускі бок прапанаваў падтрымку па двух напрамках. Па-першае, нягледзячы на складаную ў нашай рэспубліцы пажаранебяспечную сітуацыю, Беларусь накіруе ў Расію 20 машын, укамплектаваных самымі сучаснымі сродкамі пажаратушэння, а таксама 2 верталёты МНС. Па-другое, Беларусь валодае багатым вопытам будаўніцтва жылля на вёсцы, ёсць адпрацаваныя праекты тыпавых жылых домікаў. У сітуацыі, якая склалася, беларускі бок гатовы прыпыніць выкананне сваіх праграм у гэтай галіне будаўніцтва і максімальна аказаць дапамогу Расіі па ўзвядзенні неабходнай колькасці дамоў пад ключ да наступлення халадоў. Так, ужо ў самы бліжэйшы час беларускія спецыялісты прыступяць да будаўніцтва 100 такіх дамоў. У далейшым пры неабходнасці іх колькасць можа быць павялічана.
БЕЛТА
Беларусь дапаможа Расіі аднаўляць пацярпелае ў выніку пажараў жытло
4.8.20100 праглядаў